Агляд спартовых навінаў


Футбол

19-ты тур футбольнага першынства краіны ў найвышэйшай лізе падараваў заўзятарам сапраўдную сенсацыю. Барысаўскі БАТЭ ўдома зазнаў паразу 2:3 ад «Крумкачоў» – 12-ай каманды турнірнай табліцы. На гэтую паразу хутка адрэагавалі букмекерскія канторы, якія ўжо пачалі прымаць стаўкі на адстаўку коўча БАТЭ Аляксандра Ермаковіча.


Паўабаронца футбольнага клубу «Манчэстэр Сіці» Самір Насры знайшоў іншае месца працы. Гулец сёння далучыўся на турэцкага «Антальяспору», дзе працягне сваю прафесійную кар’еру, падпісаўшы кантракт тэрмінам на два гады. Паўабаронца выступаў за «гараджанаў» з 2011-га года, правёў за клуб ува ўсіх турнірах 171 матч, у якіх забіў 26 галоў.

Тэніс

Грыгор Дымітраў стаў пераможцам турніру Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў у Сінсінэці. Балгарын, 11-я ракетка свету, у вырашальным матчы быў мацнейшы 6:3, 7:5 за аўстралійца Ніка Кэргіяса, які ў планетарным рэйтынгу на 23-й пазіцыі. Адпаведна абноўленаму рэйтынгу АТП, які быў абнародаваны сёння, новым лідарам стаў іспанец Рафаэль Надаль, які змясціў з першага месца Эндзі Мары. Брытанец і Роджэр Фэдэрэр, які замыкае тройку ў планетарным спісе, прапусцілі гэты турнір праз траўмы, што дазволіла Надалю вярнуцца на вяршыню сусветнага рэйтынгу.

У жаночым адзіночным разрадзе ў Сінсінэці першынствавала шостая ў планетарным табелі аб рангах Гарбінне Мугуруса. Іспанка даволі нечакана катком прайшлася па Сімоне Халеп, якая мае статус другой ракеткі свету. Гарбінне спатрэбілася ўсяго 57 хвілінаў і два сэты, каб накаўтаваць апанентку. Выніковыя лічбы на табло – 6:1, 6:0. Тытул прынёс Мугурусе $ 522 тыс і 900 рэйтынгавых балаў. Таксама гэта вікторыя дазволіла іспанцы ўзняцца на трэці радок рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі.

Дзмітрый Сухановіч,«Белсат», фота: Юля Рапіская / krumka.by