Агляд спартовых навінаў


https://vimeo.com/230280640

Тэніс

Сталі вядомыя паўфіналісты буйнога тэніснага турніру ў Сінсінэці, прызавыя якога сёлета складаюць $ 4, 973 млн. Нечакана на гэтай стадыі мы ўбачым Ніка Кэргіяса. Аўстраліец, 23-ці ў планетарным рэйтынгу, сенсацыйна адправіў адпачываць другую ракетку свету Рафаэля Надаля. У першым сэце Нік наагул не адчуў супраціву з боку больш дасведчанага апанента і выгуляў з лікам 6:2. У другой партыі Надаль ужо здолеў навязаць барацьбу, аднак перамога зноў жа была на баку Кэргіяса – 7:5.

Футбол

Двума матчамі распачаўся 19-ты тур чэмпіянату краіны па футболе ў найвышэйшай лізе, і абодва яны скончыліся з аднолькавым лікам 1:0. Наваполацкі «Нафтан» на сваім полі прымаў магілёўскі «Дняпро». Дружына Аляксандра Сяднёва вельмі жвава пачала сустрэчу. Госці забілі дастаткова хуткі гол, які ў выніку аказаўся адзіны ў двубоі. Пасля падачы кутняга мяч скінулі на «блізкую» штангу, дзе самы спрытны аказаўся ўкраінскі легіянер гасцей Сяргей Дацэнко, які амаль з лініі брамы скіраваў мяч у сетку. У другім тайме навапалачане прадэманстравалі атакоўны футбол і цалкам маглі прэтэндаваць як мінімум на адзін бал, аднак матэрыялізаваць у галы свае намаганні так і не здолелі.

Нечакана зазнаў паразу на сваім полі «Гомель», які не здолеў забіць «Іслачы». Першы тайм не меў шмат небяспечных момантаў, аднак нягледзячы на тое, што гульню нельга было назваць грубай, ужо да перапынку галоўны арбітр матчу Віктар Шымусік чатыры разы даставаў з кішэні жоўты «гарчычнік». Асноўныя падзеі двубою разгарнуліся ў другім тайме. На 49-ай хвіліне штрафны ўдар у выкананні гасцей ледзь не скончыўся голам, але мяч трапіў у папярэчыну. Праз 10 хвілінаў амаль з той жа пазіцыі прабіў Віталь Балашоў, аднак гэтым разам выратаваў галкіпер «Гомля». А адзіны мяч быў забіты на 76-ай хвіліне, а яго аўтарам стаў Дзмітрый Камароўскі. У выніку «Іслач» набірае тры балы, а ў агульнай скарбонцы клубу стала 7 пунктаў, аднак ён па-ранейшаму перабывае на перадапошні месцы турнірнай табліцы першынства.