Агляд спартовых навінаў


Футбол

Барысаўскі БАТЭ здаволіўся толькі нічыёй у першым матчы плэй-оф футбольнай Лігі Еўропы. На сваім полі калектыў Аляксандра Ермаковіча ў двубоі супраць «Александрыі» з Украіны замест таго, каб зрабіць задзел перад сустрэчаю ў адказ, спадобіўся толькі разысціся мірам 1:1.

Хакей

Яраслаўскі «Лакаматыў» стаўся ўладальнікам Кубка Латвійскай чыгункі, традыцыйнага міжнароднага хакейнага турніру, які ўжо 9-ты раз запар адбыўся ў Рызе. У фінальным двубоі яраслаўцы ўсухую, 3:0, разабраліся з мясцовым «Дынама», а шайбы – на рахунку Каледава, Апалькава і Кадзейкіна. Менскае «Дынама» на гэтым турніры заняло апошні, чацвёрты радок, саступіўшы ў матчы за бронзу казанскаму «Ак Барсу» ў оўвэртайме 2:3.

Тэніс

Восьмая ракетка свету, Домінік Тым пераадолеў 1/8-ую фіналу тэніснага турніру ў Сінсінэці. Аўстрыец на гэтай стадыі разабраўся з французам Адрыяна Маннарына, які ў сусветным рэйтынгу на 36-ым радку. У асабістым супрацьстаянні апанентаў – поўная перавага Тыма, 5:0. У ¼-ай ягоным супернікам будзе іспанец Давід Фэрэр, які змусіў зачахліць ракетку свайго суайчынніка Паблё Карэннё Буста і перамог яго. Таксама ў чвэрцьфінале згуляюць Джон Ізнэр, Джэрэд Доналдсан, Грыор Дымітраў.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: Дар’я Буракіна / TUT.BY