Агляд спартовых навінаў


Лёгкая атлетыка

Нацыянальная каманда Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы чацвёрты раз за гісторыю засталася без медалёў чэмпіянату свету. Сёлета ў Лондан накіраваліся ўсяго 16 асобаў, але, збольшага, наймацнейшыя беларусы ў сваіх дысцыплінах. І тым не менш найвышэйшы вынік – толькі шостае месца Аліны Талай у барʼерным бегу на 100 метраў. Прычым, паводле аршанкі, для яе за шчасце быў ужо сам факт выхаду ў фінал тут. 16-ы чэмпіянат планеты па лёгкай атлетыцы фінішуе позна ўвечары на Алімпійскім стадыёне сталіцы Вялікай Брытаніі 13 жніўня.

Хакей на траве

Нацыянальная жаночая зборная Беларусі па хакеі на траве без паразаў мінула чэмпіянат Еўропы ў першым дывізіёне – спаборніцтвы прымала сталіца Уэльсу Кардыф. У фінальным двубоі нашыя дзяўчаты нанеслі валявую паразу расяянкам 2:1 і разам з нашымі ўсходнімі суседкамі атрымалі права згуляць у наступным першынстве кантыненту – у Бельгіі. Менавіта там праз два гады беларускі пазмагаюцца з іншымі ўдзельніцамі ўжо найвышэйшага дывізіёну за размеркаванне пуцёвак на такійскую Алімпіяду 2020 года.

Баскетбол

Пераканальна перагуляўшы Партугалію з лікам 91:65, зборная Балгарыі датэрмінова забяспечыла сабе поспех у перадкваліфікацыйным турніры мужчынскага чэмпіянату свету – 2019 па баскетболе сярод мужчынскіх камандаў. Гэта трэцяя запар перамога балгараў у групе D, і на заключны матч разам са сваім лідарам і адным з найлепшых гульцоў усёй перадкваліфікацыі паводле колькасці набраных пунктаў і падбораў, Александрам Везенкавым, яны едуць у Беларусь, дзе згуляюць увечары серады, 16 жніўня, са сваёй пераследніцаю – нацыянальнаю камандаю нашае краіны пад кіраўніцтвам Аляксандра Круцікава на пляцоўцы «Falcon club».