Аб'ектыў 11.08.2017 Агляд спартовых навінаў


Лёгкая атлетыка

На чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Лондане яшчэ адзін імаверны медаль уцёк ад Беларусі задалёка ад п’едэсталу. У забегу на 800 метраў Марына Арзамасава імгненна склала з сябе паўнамоцтвы дзейнай чэмпіёнкі планеты, з ужо на стадыі 1/4-ай. Чарговыя два медалі Злучаныя Штаты заваявалі ў скоках патройным.

Таксама дзве амерыканкі акупавалі вяршыню п’едэсталу пасля бегу на 400 метраў з бар’ерамі. А чэмпіёнкаю сенсацыйна сталася Коры Картэр, якая ў свае 25 упершыню ўвогуле забралася на п’едэстал дарослых топ-спаборніцтваў, апярэдзіўшы алімпійскую чэмпіёнку Рыа Далайлу Мугамад.

Заключны фінал – мужчынскі бег на 200 метраў – таксама неспадзявана выгуляў турэцкі атлет Раміль Гуліеў, які на мінулым чэмпіянаце планеты ў 2015-ым у Пекіне быў шосты, а на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра ўвогуле заняў толькі восьмае месца.

Тэніс

18-цігадовы грамадзянін Канады Дзяніс Шапавалаў, леташні чэмпіён Ўімблдану сярод юнакоў, нарадзінец ізраільскага Тэль-Авіву, адкуль з бацькамі зʼехаў у дзевяцімесячным узросце, надзвычай прыемна здзівіў суайчыннікаў на манрэальскім тэнісным турніры Дзяніс стаўся самым маладым чвэрцьфіналістам гэтага турніру серыі «Мастэрз 1000». А Надаль, між іншым, – другая ракетка планеты. І мог быць лідарам рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў упершыню з 2014-га года, каб дакрочыў тут да паўфіналу.

Футбол

Як найбольш крэатыўнаю да чарговага матчу чэмпіянату Беларусі па футболе ў найвышэйшай лізе зноў вылучым каманду «Крумкачоў». Клуб пры яго сённяшніх фінансавых хібах працягнуў традыцыю прадаваць квіткі ў першы дзень рэалізацыі за палову кошту, а ў дзень гульні, 12-га жніўня, у гонар Дня моладзі за кожны набыты квіток можна будзе правесці сябра задарма. Той, хто купіў пропуск на футбол у інтэрнэце, мае магчымасць прыняць удзел у разыгранні скрыні квасу ад кампаніі «Крыніца».

За паўгадзіны да сустрэчы супраць магілёўскага «Дняпра» запланавалі міні-канцэрт іншых гасцей з гораду над Дняпром – рок-гурта «Нізкіз». У супрацы з «Куфрам» працягнецца акцыя «Змяняем футбол краіны разам». Кожны мае магчымасць адправіць сваё дзіця вывесці футбаліста на поле ды атрымаць стылёвую футболку ў падарунак. І, нарэшце, «Крумкачы» падчас матчу прэзентуюць новую сувенірную прадукцыю. У клубе, які хто шкадуе, а хто ганьбіць, негалосна і без прэтэнзіяў на лідарства ў гэтым сэнсе пытаюць: хто больш?

Алесь Пуціла, «Белсат», фота: John Sibley / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары