Агляд спартовых навінаў


Лёгкая атлетыка

Чарговыя камплекты ўзнагародаў знайшлі сваіх герояў у пяты дзень планетарнага першынства па лёгкай атлетыцы. Нашая Таццяна Халадовіч у фінале ў кіданні дзіды заняла толькі шосты радок. Золата тут у двухразовай алімпійскай чэмпіёнкі чэшкі Барбары Шпатаковай.

У бегу на дыстанцыі 400 метраў у мужчын першынстваваў паўднёваафрыканец Ўэйд ван Нікерк, які абараніў чэмпіёнскі тытул. За ім размясціліся Стывэн Гардынэр з Багамамскіх выспаў і Абдалела Харун з Катару.

У скачках у вышыню сярод моцнай паловы не было роўных прадстаўніку Злучаных Штатаў Амерыкі Гэвіну Сэму. Срэбра ў паляка Пётра Лісека, а замкнуў тройку француз Рэно Лявілені, які таксама скокнуў як і паляк, але змарнаваў на гэта больш спробаў.

Футбол

Мадрыдскі «Рэал» – уладальнік футбольнага Суперкубка УЕФА. У барацьбе за гэты трафей «вяршковыя», пераможцы Лігі чэмпіёнаў у македонскім Скоп’е, нанеслі паразу, 2:1, «Манчэстэр Юнайтэд», які выгуляў сёлета Лігу Еўропы. Каралеўскі» клуб другі раз запар і чацвёрты ў гісторыі стаў уладальнікам Суперкубка. Матчы за гэты трафей праводзяцца з 1972-га года. Больш за ўсіх, па 5 разоў, яго выгульвалі «Барселона» і «Мілан».

Гандбол

Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова даведаўся пра расклад пяці сваіх стартавых матчаў у Лізе чэмпіёнаў. Новы сезон каманда Сяргея Бябешкі распачне ў групе Б 16-га верасня хатнім двубоем супраць польскага «Вівэ». Затым па чарзе ў суперніках значацца ПСЖ, «Вэспрэм», «Ольборг», «Цэле», а таксама «Кіль» і «Флэнсбург». Цяпер БГК перабывае на зборах у Славеніі, а ў чарговым таварыскім двубоі саступілі мясцоваму «Гарэнье» 24:27. На заўтра ў дружыны Сяргея Бябешкі запланаваны матч з «Цэле», а міжнародны збор «мяшкоўцы» маюць скончыць 11-га жніўня.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: Dylan Martinez / Reuters / Forum