Агляд спартовых навінаў


Футбол

Сталічнае «Дынама» закончыла свой выступ у футбольнай Лізе Еўропы. На полі менскага стадыёну «Трактар» «бела-блакітныя» ў матчы ў адказ трэцяга раўнду кваліфікацыі згулялі ўнічыю 1:1 з кіпрскім клубам АЭК. Аднак тыдзень таму ў гасцях мы саступілі ў Лярнацы 0:2, таму АЭК прайшоў далей. З беларускіх клубаў барацьбу на еўраарэне працягне толькі БАТЭ.

Барысаўцы даведаліся пра сваіх супернікаў у раўндзе плэй-оф Лігі Еўропы – адпаведна лёсаванню, якое адбылося сёння ў штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне. Апанентам БАТЭ стане клуб «Александрыя» з Украіны, першы матч адбудзецца 17-га жніўня на «Барысаў-арэне», сустрэча ў адказ – праз тыдзень на полі суперніка.


Нарэшце афіцыйна скончылася эпапея з пераходам Нэймара. Амаль месяц абмяркоўваліся чуткі пра тое, што знакаміты бразілец пакіне шэрагі «Барсэлоны» і пяройдзе ў стан французскага ПСЖ. Сёння нападнік быў афіцыйна прадстаўлены ў якасці гульца «Пары Сэн-Жэрмэн». Нэймар падпісаў з клубам пяцігадовы кантракт і будзе выступаць пад дзясятым нумарам, а ягоны заробак складзе Eur 30 млн. У выніку бразілец стаў самым дарагім футбалістам свету: катарскія гаспадары ПСЖ за тое, што Нэймар скасаваў дзейны кантракт з «сіне-гаранатавымі», заплацілі «Барсэлоне» ў якасці кампенсацыі рэкордныя Eur 222 млн.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: uaport.net