Агляд спартовых навінаў 15.06.2016


Алімпійскія гульні

Арганізатары Летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра ўпершыню паказалі медалі турніру. Іх дызайн адлюстроўвае наймацнейшыя бакі алімпійскіх герояў, а таксама прыродных стыхіяў. Манетны двор, які займаецца вытворчасцю ўзнагародаў, асаблівую ўвагу надаў экалагічнасці медалёў. Напрыклад, яны цалкам ачышчаныя ад іртуці, якая выкарыстоўваецца пры здабыванні каштоўных металаў. Алімпіяда ў Рыа стартуе ўжо пятага жніўня. Агулам на спаборніцтвах будуць змагацца за 306 камплектаў медалёў у 28 відах спорту.

Тэніс

Эндзі Мары, другая ракетка свету, з перамогі пачаў свой выступ на тэнісным турніры ў Лондане, прызавы фонд якога сёлета складае Eur 1 802 000. У стартавым двубоі гаспадар травяных кортаў перамог француза Нікаля Маю, які ў сусветным табелі аб рангах займае 61 радок.

Баскетбол

Жаночая зборная Беларусі з першага месца ў групе D трапіла ў ¼ фіналу алімпійскай кваліфікацыі, што праходзіць у французскім Нанце. Пасля перамогі над Нігерыяй 71:60, сёння дружына Буяльскага мінімальна саступіла Паўднёвай Карэі.

Футбол

Вызначыліся апошнія ўдзельнікі стадыі плэй-оф Кубка Амерыкі па футболе, што прымае ЗША. З першага месца ў квартэце D далей крочыць Аргентына, якая ў апошнім матчы групавога этапу разграміла Балівію 3:0.

Фота – AFP