Агляд спартовых навінаў


Водныя віды спорту

У сталіцы Вугоршчыны, Будапешце, скончыўся 17-ты чэмпіянат свету па водных відах спорту. У заключны дзень спадзяванне на яшчэ адзін медаль Аляксандры Герасімені, якая плыла сваю каронную дыстанцыю 50 метраў вольным стылем, не спраўдзілася. У відзе, які прынёс цяпер 31-гадовай лідарцы беларускага плавання другое срэбра на Алімпійскіх Гульнях – 2012 у Лондане, Аляксандра фінішавала толькі з пятым часам. Таксама ў заключны дзень беларускі мужчынскі квартэт у камбінаванай эстафеце заняў восьмае месца з нацыянальным рэкордам.


Такім чынам з адным бронзавым медалём Герасімені ў плаванні на 50 метраў на спіне Беларусь сталася 17-аю ў медальным заліку. Усяго ў нашых суайчыннікаў – удзел у пяці фіналах і шэсць новых рэкордаў Рэспублікі Беларусь. Тройка найлепшых – зборная Злучаных Штатаў Амерыкі, у якой 46 медалёў з 21-ым залатым, другі – Кітай з 30-цю ўзнагародамі, трэцяя – Расея, 25 п’едэсталаў.

Пляжны футбол

Зборная Беларусі па пляжным футболе перамогаю скончыла этап Еўралігі ў Маскве. Хаця вынік сустрэчы з відавочным аўтсайдарам – Грэцыяй, мінімальны поспех 3:2, – стаўся ў нечым і нечаканы, бо грэкі відавочна былі слабейшыя за ўсіх удзельнікаў гэтага туру. Набраўшы дзякуючы дзвюм перамогам 6 пунктаў, Беларусь у Маскве заняла другое месца, саступіўшы гаспадарам, якія няўдачаў не зазналі. Наступны этап Еўралігі – вугорскі, пройдзе ў сярэдзіне жніўня. Там беларусам будуць супрацьстаяць Польшча, Партугалія і Азербайджан.

Лёгкая атлетыка

Зборную Беларусі па лёгкай атлетыцы на чэмпіянаце свету, што мае распачацца напрыканцы гэтага тыдня ў сталіцы Вялікай Брытаніі Лондане, сёлета рэпрэзентуюць 16 атлетаў. Гэта самы малаколькасны склад нашай нацыянальнай каманды за ўсю гісторыю выступаў на сусветных першынствах.

Аўтагонкі

Немец Зэбаст’ян Фэтэль з каманды «Фэрары» выгуляў Гран-пры Вугоршчыны – 11-ты чэмпіянату свету па аўтагонках у класе машынаў «Формула-1».

Дзмітрый Сухановіч,«Белсат», фота: Bernadett Szabo / Reuters / Forum