Аб'ектыў 30.07.2017 Агляд спартовых навінаў


Футбол

Пасля невялікага перапынку стартавала другое кола футбольнага першынства краіны ў найвышэйшай лізе. Барысаўскі БАТЭ на сваім полі ўпэўнена разабраўся з клубам «Гомель», накаўтаваўшы яго 3:0.

У першай палове сустрэчы, а дакладней на 30-ай хвіліне, лік адкрыў Міхаіл Гардзяйчук. Для яго гэты гол стаў восьмым у сёлетнім сезоне, і Міхаіл адзінаасобна ачоліў спіс найлепшых бамбардзіраў першынства. А яшчэ да перапынку лічбы на табло падвоіў дакладны ўдар Мірка І́ваніча. Пасля антракту малюнак гульні не змяніўся, гаспадары працягвалі атакаваць, што ператварылася яшчэ ў адно ўзяцце брамы гаспадароў, гэтым разам вызначыўся Віталь Радзівонаў. Гол «Гомля» стаў для Радзівонава юбілейным, двухсотым за кар’еру. Настаўнік гасцей Вячаслаў Герашчанка вынікам матчу застаўся не задаволены.

Яшчэ тры матчы 16-га туру завяршыліся наступным чынам: «Віцебск» і «Крумкачы» распісалі выніковую нічыю, 2:2. Мазырская «Славія» на сваім полі саступіла гарадзенскаму «Нёмну» – 1:2. Нарэшце першыя балы ў турнірнай табліцы з’явіліся ў «Іслачы», якая дома нечакана нанесла паразу жодзінскаму «Тарпеда-БелАЗ» – 2:1.

Хакей

Яраслаўскі «Лакаматыў» стаў уладальнікам першага ў гісторыі розыгрышу хакейнага Кубка Менска, які праходзіў на лёдзе сталічнай «Чыжоўка-Арэны». У фінальным двубоі яны былі мацнейшыя за маскоўскае «Дынама» – 3:1. У пераможцаў шайбы на свой рахунак запісалі Ягор Аверын, Мікіта Чарапанаў і Аляксандр Палунін. У пераможаных гол прэстыжу ў свой актыў запісаў навічок «бела-блакітных» Дастын Бойд. Трэці радок на турніры занялі хакеісты «Югры» з Ханты-Мансійску, якія ў стыкавым матчы перагулялі менскае «Юнацтва», 4:1. Нагадаю, што сталічнае «Дынама» фінішавала на гэтых спаборніцтвах толькі на пятым радку.

Аўтагонкі

Фінскае трыа пілотаў працягвае лідараваць на хатнім для сябе этапе ралі пасля праходжання дваццаці аднаго спецадцінка. На чыстае першае месца зноў выйшаў Эсапэка Лапі на «Таёце», а гэта адбылося пасля таго, як аўтамабіль Я́ры-Маці Латвалы аказаўся няспраўны. Другі радок займае Тээму Сунінэн, а замыкае тройку лідараў Юха Хянінэн. Лідар агульнага заліку чэмпіянату свету Сэбастен Аже не здолее прыняць удзелу ў чарговым этапе з-за дрэннага стану здароўя ягонага штурмана.

 

Фота – vk.com/fcbate

Глядзі таксама
Каментары