Агляд спартовых навінаў


Футбол

Алега Кубарава сёння прызначылі новым галоўным трэнерам футбольнага клубу найвышэйшага дывізіёну нашага першынства жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ». З пачатку сёлетняга сезону ён узначальваў салігорскі «Шахцёр», аднак пасля першага кола чэмпіянату быў адпраўлены ў адстаўку. «Тарпедаўцамі» да Кубарава кіраваў Ігар Крывушэнка, які цяпер сканцэнтруецца толькі на працы на пасадзе галоўнага трэнера нашай нацыянальнай зборнай.


Клуб футбольнай англійскай Прэм’ер-лігі «Ўэст Гэм» аб’явіў сёння пра пераход у яго стан нападніка зборнай Мексікі Хавіера Эрандэса, больш вядомага як Чычарыто. Сума трансферу склала каля Eur 18 млн., а кантракт футбаліст з лонданскай камандаю падпісаў тэрмінам на тры гады. Эрнандэс улетку 2015 перайшоў у нямецкі «Баер» з клубу «Манчэстэр Юнайтэд», за які выступаў з 2010 года. У футболцы «аспірынавых» Чычырыто правёў 76 матчаў ува ўсіх турнірах і забіў 39 галоў.

Хакей

Трохразовы чэмпіён свету па хакеі ў складзе зборнай Расеі Даніс Зарыпаў дыскваліфікаваны на два гады за ўжыванне допінгу. У пробе нападніка клубу КХЛ казанскага «АК Барсу», якую ён здаў падчас мінулай рэгуляркі, калі яшчэ выступаў за «Металург», знайшлі забароненыя рэчывы: стымулятары, дыўрэтыкі ды маскіравальныя агенты. Таксама допінг выявілі ў арганізме двух абаронцаў – клубу «Мэдвэшчак» Дэрэка Сміта і Андрэя Конева з «Адміралу».

Гандбол

Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова выйшаў з адпачынку і пачаў працаваць у горадзе над Бугам у рэжыме двухразовых трэнавальных заняткаў. У гэтым сезоне мяшкоўцы згуляюць больш за 70 матчаў у такіх турнірах, як чэмпіянат і Кубак Беларусі, Ліга чэмпіёнаў і СЭГА-ліга.

Пасля мінулага сезону БГК пакінулі Павел Ацьман, Дайніс Крыштопанс, Іман Джамал, Максім Бабічаў і Уладзіслаў Астравушка. А падпісаць мяшкоўцы здолелі: аднаго нашага галкіпера Івана Мацкевіча, чэха Паўла Горака, серба Пэтэра Джорджыча, славенца Віда Патэка і двух расейцаў Канстанціна Ігропула і Аляксандра Шкурынскага.

Дзмітрый Сухановіч,«Белсат», фота: Раман Гваздоў / SPORTS.md