Агляд спартовых навінаў


Баскетбол

Менскія баскетбольныя «Цмокі» працягваюць працаваць на трансферным рынку і да выхаду клубу з адпачынку збіраюцца цалкам укамплектаваць склад каманды. Сёння афіцыйны сайт клубу паведаміў, што «Цмокі» падпісалі чарговага легіянера. Супрацу з калектывам Аляксандра Круцікава на два гады працягне Сэку Ўіґз, якому 22 гады і ён мае рост 193 сантыметры. Разыгрываючы абаронца апошнія два сезоны правёў ва ўніверсітэце Аляскі Э́нкарыджы, выступаючы за мясцовую студэнцкую каманду. Амерыканец за мінулы сезон правёў 22 гульні, а ягоная статыстыка за матч у сярэднім наступная: 25 балаў, 6 падбораў, 3 перадачы за 34 хвіліны перабывання на паркеце.

Беларускі футбол

Вызначыліся чарговыя клубы, якія прабіліся ў стадыю 1/4-ай фіналу футбольнага Кубка Беларусі. Гарадзенскі «Нёман» на сваім полі прымаў сталічную каманду «Менск». Тут гаспадары поля больш валодалі ініцыятываю, стварылі шмат небяспечных момантаў каля брамы апанента, аднак забіць здолелі толькі аднойчы. На 10-ай хвіліне перамогу гарадзенцам прынёс дакладны ўдар Паўла Савіцкага. Дарэчы, менавіта Паўла сватаюць ува ўсе магчымыя клубы еўрапейскае прасторы, а ягоны кошт на трансферным рынку складае амаль мільён долараў, што даволі рэдка пабачыш у беларускай рэчаіснасці. Згуляюць у чвэрцьфінале і «Крумкачы», што стане рэкордам для клубу, раней да такой стадыі яны не дабіраліся. Аляксей Кучук і кампанія ўшасцёх перамаглі «Нафтан» 2:1. З такім жа лікам, але ўжо за дадатковы час «Іслач» перагуляла «Гарадзею» і таксама выйшла ў 1/4-ую.

Лёгкая атлетыка

Выкладзенае на «Ютубе» відэа, на якім Віялета Скварцова пакідае п’едэстал гонару, за содні ўжо перавысіў паўмільёна праглядаў. Непрыемны інцыдэнт адбыўся на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы, што адбываецца ў Італіі. Нашая спартоўка сталася ўладальніцаю залатога медаля ў патройным скачку, паказаўшы вынік 14 метраў 21 сантыметр. Падчас узнагароджання, пасля таго, як лёгкаатлеткі атрымалі медалі, праз тэхнічную памылку быў запушчаны гімн Босніі і Герцагавіны, а не нашае краіны. Віялета зразумела, што нешта пайшло не так, аднак не стала доўга чакаць і пакінула на знак пратэсту п’едэстал гонару. Астатніх спартовак нічога не збянтэжыла, і яны засталіся на сваіх месцах, працягнуўшы ўсміхацца камерам. Арганізатары выбачыліся і запрапанавалі пазней зладзіць цырымонію яшчэ раз. Беларускі бок на гэта пагадзіўся, і ўжо сёння пад акорды беларускага гімну Віялета Скварцова і спартоўкі, якія занялі прызавыя месцы, прайшлі працэдуру ўзнагароджання яшчэ раз.

Футбол. Трансферы

Набірае моц летняе трансфернае вакно і на футбольным еўрапейскім рынку. Гранды гульні нумар адзін у свеце працягваюць мерацца гаманцамі, хто больш можа выдаткаваць грошай на пэўнага гульца. Дваццаці/шасці/гадовы бразілец мадрыдскага «Рэалу» Данілу стаўся гульцом клубу англійскай Прэм’ер-лігі «Манчэстэр Сіці». Кантракт правага абаронцы разлічаны на 5 гадоў, а сума, якую «гараджане» заплацілі «каралеўскаму клубу», складае амаль 35 мільёнаў еўраў. У мінулым сезоне Данілу правёў за «вяршковых» 17 матчаў, у якіх забіў адзін мяч і аддаў дзве галявыя перадачы. Адзначу, што за «Рэал» абаронца адгуляў два гады, перабраўшыся ў 2015-ым з партугальскага «Порту».

Футбол

Не заціхае жыццё і на еўрапейскай футбольнай арэне. Усе топ-чэмпіянаты цяпер у адпачынку, а некаторыя клубы прымаюць удзел у выставачных міжнародных турнірах, адзін з якіх праходзіць у Злучаных Штатах Амерыкі. Адбыліся чарговыя двубоі Міжнароднага кубка чэмпіёнаў. У цэнтральнай сустрэчы каталонская «Барсэлона» сустракалася з турынскім «Ювэнтусам», а за гэтаю гульнёю назіралі крыху больш за 82 тысячы гледачоў. «Сіне-грантавыя» выглядалі больш актыўна падчас усяго двубою, а ў першай палове дублем здолеў вызначыцца Нэймар. Асабліва прыгожы выдаўся другі гол бразільца, калі ён прайшоў амаль усю абарону «старой сіньёры» ў яе штрафной плошчы. На што хапіла «Ювэнтусу» пасля антракту, дык гэта на мяч прэстыжу, а яго на свой рахунак на 62-ой хвіліне запісаў абаронца Джорджо К’елліні. Яшчэ ў адным матчы англійскі «Тотэнэм» даволі ўпэўнена перагуляў французскі «Пары Сэн-Жэрмэн» 4:2.