Аб'ектыў 22.07.2017 Агляд спартовых навінаў


Лёгкая атлетыца

Услед за медальным поспехам на моладзевым чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы ў польскім горадзе Быдґашч беларусы таксама паспяхова распачалі і юніёрскае першынство планеты ў італьянскім Ґрасэта. Віялета Скварцова выгуляла тытул залатой медалісткі ў патройных скачках. У хадзе фіналу, як паведамляе сайт Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, Віялета двойчы перапісала асабісты рэкорд, а таксама ўстанавіла найвышэйшае дасягненне сезону ў свеце для свайго ўзросту. А ў заключным выхадзе ў сектар уляцела на 14.21, што магло б зрабіцца новым рэкордам краіны для дзяўчат, чый узрост не перавышае 20-ці гадоў, але замоцна дзьмуў спадарожны вецер. Кідальнік молата Аляксандр Шымановіч заваяваў срэбную ўзнагароду, пасля чаго нашая зборная ўзнялася на трэці радок медальнага заліку.

Тэніс

Як паведамілі на гэтым тыдні арганізатары Адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе, заключных у годзе тэнісных спаборніцтваў з серыі «Вялікага шлема», без кваліфікацыі ў іх стартуюць дзве беларускі – Вікторыя Азаранка і Аляксандра Сасновіч. У кваліфікацыі згуляюць Арына Сабаленка і Вольга Гаварцова. І дакладна вядома, што Максім Мірны выступіць у асноўнай сетцы парнага мужчынскага турніру. З кім – пакуль афіцыйна не паведамлялі. Гэтымі днямі 41-гадовы ветэран беларускага тэнісу дайшоў да паўфіналу турніру ў Харватыі. За выхад у вызначальны двубой інтэрнацыянальная беларуска-канадская пара саступіла аргентынцам Ґіллерма Дурану і Андрэсу Мальтэні 5:7, 6:3, 6:10.

Валейбол

Мужчынская зборная Беларусі па валейболе гэтак і не спазнала пакуль ніводнага поспеху на кваліфікацыйным турніры да чэмпіянату свету ў Бельгіі, калі не лічыць выгулянай партыі ў стартавым двубоі з Эстоніяй. У трэцім двубоі і Славаччыне аддалІ тры партыі, апусціўшыся ўжо на шостае, апошняе месца ў спаборніцтвах, узроўню якога раней яшчэ не зазнавалі. Але скончыць трэба і гэты турнір.

Футбол

Проста тут умеюць чакаць, як нідзе болей. Хіба што ў БАТЭ. Футбольны клуб «Дынама» (Берасце), не зважаючы на нападкі заўзятараў і журналістаў, захаваў стабільнасць з перспектываю выгадаць з гэтага ў найбліжэйшай перспектыве найбольшыя дывідэнды. І не раскідвацца трэнерскімі імёнамі пры першых, няхай і крыху зацягнутых няўдачах на дыстанцыі аднаго чэмпіянату. Затое ўзялІ Кубак краіны, другі раз стартавалі ў Лізе Еўропы і не надта пераймаюцца з таго, што крытыка і ціск узмацняюцца. У адрозненне ад шмат якіх іншых беларускіх клубаў, каманда з гораду над Бугам заявіла, што не збіраецца мітусіцца і, намаляваўшы сабе графік развіцця клубу, пастанавіла дасягаць усяго паступова. Паводле еўрапейскае сістэмы.

Паводле Сяргея Кавальчука, спартовага дырэктара каманды, найперш навучанне і практыка, а пасля толькі можна ды трэба чакаць выніку, які, пагатоў у Беларусі – з яе магчымасцямі, узроўнем футболу, яго фінансаваннем – за адну гадзіну не прыходзіць.

Зразумела, Берасцю трэба распачаць рух угору ўжо сёлета, каб суняць пыл асабліва хвацкіх да руйнавання маральнага парадку ў камандзе журналістаў і найбольш нецярплівых заўзятараў, але асалоду ад вынікаў атрымае толькі той, хто ўмее чакаць.

 

Аляксандр Пуціла, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары