Агляд спартовых навінаў


Лёгкая атлетыка

21-гадовы Дзмітрый Набокаў стаў адзіным беларускім пераможцам на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы, што скончыўся на арэне польскага Быдгашча. Выпускнік Бялыніцкай дзіцяча-юнацкай спартовай школы, выхаванец Уладзіміра Фамічова і Уладзіміра Алейніка ў скачках у вышыню паказаў вынік 2 метры 24 сантыметры.


Аліна Талай пагоршыла свае сёлетнія секунды на 31-м Міжнародным турніры «Мітынг Чыта ды Падава» ў Італіі. Яна не выбегла з 13 секундаў на стометроўцы з барʼерамі, але заняла трэцяе месца. Час 13.02 – ледзь не найгоршы сёлета. Паводле Аліны, яна ведае свае памылкі і разумее, як іх выправіць. Гэта быў апошні старт лідарскі беларускага спрынту перад чэмпіянатам свету, што пройдзе ў Лондане ў першай палове жніўня. І Талай шчыра верыць, што падзенне вынікаў гэтага сезону ўдасца прыпыніць.

Тэніс

Караліна Плішкава дэбютна ў карʼеры ўзначаліла рэйтынг Жаночай тэніснай асацыяцыі і сталася першаю чэшкаю, якой удалося ўзначаліць тур. Найлепшая беларуская тэнісістка – Аляксандра Сасновіч – апусцілася на 11-ць пазіцыяў і цяпер яна замыкае сотню наймацнейшых.

Футбол

Новы галоўны трэнер футбольнага клубу «Барсэлона» Эрнэста Вальвэрдэ ў панядзелак выказаў вялікае задавальненне з таго, што зорны гулец Льёнэль Мэсі будзе выступаць у ягонай камандзе, а не ў дружыне якога-небудзь суперніка. Аргентынец падпіша новы чатырохгадовы кантракт, які будзе трымаць яго да 2021-га года, яшчэ раней пакончыўшы з чуткамі, што пяціразовы ўладальнік «Залатога мяча» мае спакусу кудысьці сысці.

Алесь Пуціла, «Белсат», фота: sportpanorama.by