Агляд спартовых навінаў


Веславанне 

Вольга Худзенка ўзнялася на пʼедэстал чэмпіянату Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ ў балгарскім Плоўдыве ў першым нядзельным фінале А, заваяваўшы срэбны медаль на дыстанцыі 500 метраў у байдарцы-адзіночцы. У тым жа відзе Мікіта Борыкаў таксама стаў другі. А Алена Наздрова на каноэ-адзіночцы на 200 метраў узяла бронзу. Андрэй Багдановіч і Дзяніс Мігаль былі другія на каноэ-двойцы на дыстанцыі 200 метраў. Гэтыя і дзве суботнія – усе нашыя ўзнагароды на кантынентальным першынстве. 6 медалёў у 20 фіналах, якія беларусы скончылі (бо былі яшчэ адсутнасць фінішу і дыскваліфікацыя) – не вялікі багаж для віду спорту з ладнымі традыцыямі ў Беларусі. 4 срэбры і дзве «бронзы» – гэта адзінаццатае месца ў медальным заліку. Перамагла Вугоршчына – 10 залатых, 3 срэбныя і тры бронзавыя медаля.

Тэніс 

Роджэр Фэдэрэр жорстка збіў харвата Марына Чылыча, 6:3, 6:1, 6:4, у фінальным матчы Ўімблданскага тэніснага турніру – 2017 і стаў першым, хто выгуляў восем індывідуальных тытулаў на трэціх у годзе спаборніцтвах з серыі «Вялікага шлема». У сваім 11-ым лонданскім фінале швейцарац, бацька двух параў двайняшак, стаў самым узроставым чэмпіёнам «Ўімблдану» ў новай эры за 23 дні да свайго 36-га дня нараджэння. Жах для Чылыча, пераможцы адкрытага чэмпіянату ЗША-2014, але толькі другі раз фіналіста «мэйджараў», чытаўся загадзя. Хоць ён і атрымаў пашкоджанне пасля падзення і звяртаўся да фізіятэрапеўта, але гэта наўрад ці сыграла істотную ролю ў раскладзе сілаў. Фэдэрэр, які сёлета выгуляў яшчэ і адкрыты чэмпіянат Аўстраліі, стаў 19-ці разовым пераможцам турніраў «Вялікага шлема».

Формула-1

Пасля крыху нацягнутай перамогі ў кваліфікацыі чэмпіянату Вялікай Брытаніі па аўтагонках у класе машынаў «Формула-1», хоць і з рэкордам трасы, трохразовы чэмпіён свету Льюіс Гэмілтан выгуляў чацвёрты запар хатні этап «каралеўскіх гонак». Брытанец кантраляваў хаду руху ад старту да фінішу і пад «клетачным флагам» ягоная перавага над найбліжэйшым пераследнікам складала нават 15 секундаў. Кола баліда «Фэрары» Зэбаст’яна Фэтэля пацярпела пракол на перадапошняй пятлі, і цяпер немец у чэмпіянаце пілотаў, толькі на пункт апярэджвае галоўнага сёлетняга і леташняга канкурэнта. Напарнік Гэмілтана, фін Вальтэры Ботас, даў рады скончыць гонку другі нягледзячы на штраф і старт з дзявятага месца. А іншы прадстаўнік краіны Суомі Кімі Рэйкёнэн з «Фэрары», прайшоўшы праз незапланаваны піт-стоп, усё ж здолеў заняць трэцяе месца.

Футбол

Зборная клубаў Беларусі па футболе пад кіраўніцтвам Ігара Крывушэнкі ды Людаса Румбуціса заняла другое месца на турніры «Кубак караля Тайланду». У фінальным матчы нашыя суайчыннікі згулялі ўнічыю, 0:0, з гаспадарамі ў сталіцы гэтай краіны Бангкоку, але ў серыі пенальці падарылі свята арганізатарам, саступіўшы 4:5.

Баскетбол

Моладзевая жаночая зборная Беларусі па баскетболе ў элітным дывізіёне чэмпіянату Еўропы для 20-ці гадовых і маладзейшых спартовак выступала з 2007 да 2014 года, заняўшы ў 2013-ым з галоўным трэнерам Аляксандрам Шымкавяком нават чацвёртае месца. Але ўжо трэці сезон імкнецца вярнуцца ў дывізіён А. І пакуль беспаспяхова. Сёння ў матчы за трэцяе месца ў дывізіёне В у ізраільскім Эйлаце беларускі саступілі зборнай Харватыі 51:60 і кроку ўгару не зрабілі.

 

Фота – REUTERS