Аб'ектыў 10.07.2017 Агляд спартовых навінаў


Футбол

Нядоўгая аказалася праца Алега Кубарава ў клубе Найвышэйшага дывізіёну чэмпіянату краіны па футболе – салігорскім «Шахцёры» – на пасадзе галоўнага трэнера. Кіраўніцтва «Беларуськалію» пастанавіла адправіць яго ў адстаўку. Кубараў узначаліў гарнякоў у снежні 2016-га, а пад ягоным кіраваннем «Шахцёр» скончыў на першым месцы стартавае кола першынства краіны, апярэдзіўшы барысаўскі БАТЭ. Аднак клуб з Салігорску не здолеў заваяваць Кубак Беларусі. Не задалося ў «Шахцёра» і на міжнароднай арэне.

Гандбол

Крыху больш за месяц засталося да старту новага сезону ў гандбольным першынстве краіны, а ўжо вядомы шэраг зменаў, якія запрацуюць, пачынаючы з верасня. Чэмпіянат, у якім возьме ўдзел 12 клубаў, пройдзе за два этапы, і гэтым разам не будзе раўнду плэй-оф. Каманды на першым этапе будуць разбітыя на два дывізіёны, у элітным згуляюць БГК, СКА, «Гомель», «Кранон», «Машэка» і «Віцязь». Па яго выніках клубы будуць разбітыя на 3 групы. Найвышэйшы пул складуць каманды, якія ў эліце зоймуць месцы з першага да чацвёртага. З улікам набраных на першым этапе балаў яны правядуць чатырохколавы турнір і вызначаць чэмпіёна і прызёраў. Застанецца «правіла леўшуноў», а вось легіянерскі ліміт стане больш жорсткі: колькасць замежнікаў, якія могуць адначасова перабываць на пляцоўцы, будзе скарочаная да трох гульцоў.

Баскетбол

Сталічныя баскетбольныя «Цмокі» працягваюць узмацняцца перад стартам новага сезону. Гэтым разам кантракт з клубам падпісаў разыгрываючы абаронца Вячаслаў Корж, якому 31 год і ён мае рост 196 сантыметраў. Сваю прафесійную кар’еру ён пачаў у віцебскім «Рубоне», затым пагуляў у гомельскім «Сожы», а з 2011-га года бараніў колеры «Гародні-93».

Аўтагонкі

Пілот «Мерседэсу» Вальтэры Ботас стаў пераможцам чарговага, дзясятага этапу чэмпіянату свету ў класе аўтаў «Формула-1» Гран-пры Аўстрыі. На трасе ў Шпільбэрзе ён пакінуў за спінаю Зэбаст’яна Фэтэля, рэйсэр «Фэрары» фінішаваў другі. Замкнуў тройку найлепшых прадстаўнік «Рэд Булу» Дэньел Рык’ярда.

Фота: fcshakhter.by

Глядзі таксама
Каментары