Агляд спартовых навінаў


Тэніс

Пятая ракетка свету Роджэр Фэдэрэр дакрочыў да 1/8 фіналу трэцяга ў сёлетнім сезоне турніру серыі «Вялікага шлема» «Ўімблдан». У трэцім коле спаборніцтваў швейцарац сустракаўся з немцам Міхаілам Зверавым, які ў сусветным табелі аб рангах замыкае трэці дзясятак. Сустрэчу нельга назваць драматычнай, бо было прадказальна, што досвед тут пераможа, а ў выніку гэтак і адбылося. Фэдэрэру хапіла трох сэтаў, каб пацвердзіць свой статус, а канчатковыя лічбы на табло – 7:6, 6:4, 6:4.

«Матч мне спадабаўся. Заўсёды цікава гуляць супраць апанента, які практыкуе стыль гульні «падача – выхад да сеткі». У такой сустрэчы заўсёды шмат абводных удараў і свечак. Люблю такое, ды і публіка рэагавала адпаведным чынам. Міша – класны хлопец. Нам абодвум удалося прымусіць адзін аднаго паказаць найлепшы тэніс. Я рухаюся ад раўнду да раўнду. Безумоўна, я сабе паставіў мінімальную задачу – прайсці ў другі тыдзень спаборніцтваў, цяпер можна крышачку разняволіцца перад чарговым двубоем у панядзелак».

За адну гадзіну і 49 хвілінаў, праведзеныя на корце, Роджэр зрабіў тры брэйкі, выканаў 13 эйсаў і толькі адзін раз памыліўся пры падачы. У асабістым супрацьстаянні спартоўцаў швейцарац павялічыў адрыў, і лік стаў 5:0. Наступным ягоным апанентам будзе балгарын Грыгор Дымітраў. Дзякуючы гэтай вікторыі Фэдэрэр пабіў рэкорд Сэрыны Ўільямз у колькасці перамогаў на «мэйджарах» – іх у яго стала 317. Убачым мы ў 1/8 фіналу і восьмую ракетку свету Домініка Тыма. Аўстрыец у трэцім коле турніру даволі лёгка расправіўся з прадстаўніком Злучаных Штатаў Амерыкі Джэрэдам Доналдсанам 7:5, 6:4, 6:2. Статыстыка амерыканца – выканаў 5 брэйкаў, таксама ў яго актыве 4 падачы навылет, і пры гэтым ён тры разы памыляўся пры падачы. За выхад у чвэрцьфінал ён пазмагаецца з чэхам Томашам Бэрдыхам.

У жаночым адзіночным разрадзе «Ўімблдану» пакуль ніхто не можа навязаць сапраўднай барацьбы першай ракетцы свету Анжэлік Кербэр. Немка даволі лёгка прабілася ў 1/8 фіналу. У трэцім коле спаборніцтваў ёй хапіла двух сэтаў, каб пераканаць усіх, што на гэты момант скласці ёй канкурэнцыі амерыканка Шэлбі Роджэрз не можа. У выніку ў першай партыі суперніца яшчэ трохі навязала барацьбу, а з лікам 7:6 яго выгуляла Кербэр, а вось наступны сэт немка без праблемаў запісала ў свой актыў – 6:4. На гэта ёй спатрэбілася 2 гадзіны і 16 хвілінаў, а на яе рахунку было 3 брэйк-пойнты, здзейсніла толькі адзін эйс і чатыры разы памылілася пры падачы. У 1/8 фіналу Анжэлік згуляе з іспанкай Гарбінне Мугуруса.

Баскетбол

Другога слова, як правал, не падябрэш каб ахарактэрызаваць выступ нашай нацыянальнай зборнай на міжнароднаым турніры ў Кітаі. Калектыў Наталлі Трафімавай не здолеў выгуляць ніводнага матчу на спаборніцвах і зазнаў 6 паразаў ад сваіх апанентак, прычым большасць двубояў нашыя дзяўчаты прагулялі з буйнымі лічбамі на табло. У сваёй апошняй сустрэчы мы былі разгромленыя камандай Літвы 72:49. Тым часам, наш бліжэйшы рэзерв, дзяўчаты, узрост якіх не перавышае дваццаці гадоў з перамогі стартавалі на моладзевым Чэмпіянаце Еўропы ў дывізіёне Б, які праходзіць у ізраільсікм Эйлаце. У сваім першым матчы групавога этапу Вольга Падабед і кампанія былі мацнейшыя за аднагодак з Румыніі – 70:68. У наступны раўнд адбяруцца па дзве найлепшыя каманды з кожнага сэкстэту.