Агляд спартовых навінаў


Тэніс

Вікторыя Азаранка пераадолела ўжо другое кола «Ўімблдану». Гэтым разам у суперніцах значылася расяянка Алена Весніна, 16-ы нумар рэйтынгу ВТА.

Непрадказальным і цікавым аказаўся старт на травяных кортах «Ўімблдану» зорак сусветнага тэнісу ў мужчынскім адзіночным разрадзе. Чацвёртая ракетка свету Новак Джокавіч сустракаўся з Марцінам Кліжанам і пры ліку 6:3, 6:2 на сваю карысць славак адмовіўся працягваць барацьбу.

Футбол

Барысаўскі БАТЭ даведаўся, хто будзе яго супернікам у другім коле кваліфікацыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Ім стаў армянскі клуб «Алашкерт», які па суме дзвюх матчаў выбіў з барацьбы найлепшую каманду Андоры, клуб «Санта-Кулома», перагуляўшы яго ўдома 1:0, а ў гасцях распісаўшы з ім нічыю 1:1. Першы матч адбудзецца 12-га ліпеня ў Барысаве, сустрэча ў адказ – 18-га ў Ерэване.

Зорка сусветнага футболу Льёнэль Мэсі, які нядаўна пабраўся шлюбам з Антанэлляю Ракуса, застанецца ў «Барсэлоне», пра гэта паведамляе прэс-служба каталонскага клубу. Новы кантракт, разлічаны да 2021-га года, а ў дакуменце будзе прапісаная опцыя выкупу Мэсі за Eur 300 млн. Дзейнае пагадненне форварда з клубам было разлічанае да 2018-га.

Роварныя гонкі

Знакамітая шматдзённая роварная гонка «Тур дэ Франс» скончылася для дзейнага чэмпіёна свету Пэтэра Сагана ўжо ў самым яе пачатку. Арганізатары турніру дыскваліфікавалі славака за інцыдэнт з Маркам Кэвэндышам падчас чацвёртага этапу. На фінішы Саган парушыў правілы: ён рухаўся па правым баку побач з Маркам і выцесніў яго локцем на барʼеры, якія агароджваюць трасу. У выніку чаго падзенне брытанскага спрынтара справакавала завал яшчэ з некалькіх раварыстаў.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: Stefan Wermuth / Reuters