Агляд спартовых навінаў 12.07.2016


Футбол

Другі кваліфікацыйны раўнд Лігі Чэмпіёнаў УЕФА стартаваў у аўторак двубоем паміж баснійскім клубам «Зрыньскі Мостар» і польскаю «Легіяй». А беларускі лідар – барысаўскі БАТЭ – спраўджвае на трываласць фінскую каманду «Сэйняёкі». На 12 ліпеня запланаваныя 10 матчаў. А скончыцца першы раўнд у сераду. 19 і 20 ліпеня будуць згуляныя матчы ў адказ.

Тэніс

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч, якая выпала з сотні наймацнейшых планеты ў рэйтынгу Жаночай асацыяцыі распачала ўзняцце да сваёй найвышэйшай, 92-ой пазіцыі у карʼеры, складаным, але пераможным матчам на турніры ў румынскай сталіцы, Бухарэсце, з прызавым фондам $ 250 000. Нашай суайчынніцы ўдалося перагуляць сеяную пад трэцім нумарам Анну Шмідлаву са Славаччыны ў вельмі арэльным двубоі 6:4, 1:6, 7:5.

Алімпійскія гульні

Сцяганосцам беларускае спартовае дэлегацыі на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра абралі стралка з кулявой зброі, нарадзінца Маскоўскай вобласці Сяргея Мартынава. А капітанам каманды прызначылі весляра на каноэ, выхадца з Асіповіцкага раёну на Магілёўшчыне Аляксандра Багдановіча. Пра гэта абвесцілі на ўрачыстай цырымоніі провадаў беларускае спартовае дэлегацыі.

Лёгкая атлетыка

Віцэ-чэмпіёнка Еўрапейскага першынства ў Амстэрдаме па лёгкай атлетыцы ў бегу на 100 метраў з барʼерамі Аліна Талай выходзіць да заўзятараў. У сераду ўдзельніца шэрагу дабрачынных праектаў правядзе адкрытую трэніроўку ў беларускай сталіцы. Падзея адбудзецца ў Менску на базе Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы, але гэта не ініцыятыва федэрацыі. Арганізоўвае сустрэчу «Акадэмія бегу #velcombegom» супольна з бегавым клубам «Юкэн». Аліна правядзе паказальную вечаровую размінку і, як абяцаецца, нікому не адмовіць у аўтографах і размовах. Падзея распачнецца а 19-й гадзіне. Працягласць імпрэзы ў гэты вечар не абмяжоўваецца.

Алесь Пуціла, «Белсат», фота – TUT.BY