Агляд спартовых навінаў


Баскетбол

Нацыянальная жаночая баскетбольная зборная Беларусі працягнула шлях у нікуды на чэмпіянаце Еўропы ў чэскім Градэц-Кралавэ, гуляючы ў групе В на мясцовай аднайменнай з назваю гораду арэне. І хоць у параўнанні з разгромам ад італьянак нашай камандзе ўдалося ў дадатак да аднаго выгулянага перыяду яшчэ адзін завершыць унічыю, гэта малое суцяшэнне, калі зазнаецца другая запар параза.

Найлепшая ў двубоі з Італіяй была Алекс Бэнтлі, якая набрала 17 пунктаў. У суботу найбольш балаў – 12 – здолела ўзяць нашая капітаніха, лёгкі форвард Кацярына Сныціна. А наймацнейшая на падборах – Таццяна Ліхтаровіч з шасцю ўдалымі выпадкамі.

Праўда, усё гэта блякне ў параўнанні з лідаркаю славачак – 37-гадоваю Зузанаю Жыркаваю з ейнымі 22-ма баламі ды васьмю падборамі. Адпаведна, спадзявацца на перамогу ў заключным матчы групавога турніру над Турцыяй 19 чэрвеня ні з якога боку не выпадае. Сёння турчанкі гуляюць з Італіяй а дваццаць першай трыццаць (21.30).

Валейбол

Валейбольная жаночая зборная нашае краіны сёння атрымала трэцюю перамогу ў групавым турніры Еўралігі. Нарэшце ў другім туры, які прымае малая зала менскай «Чыжоўка-арэны», удалося перагуляць Албанію, прычым ва ўсіх трох партыях (25:22, 25:12, 25:23), узяўшы ў яе рэванш за паразу тыдзень таму.

«Чаму мы ўдзельнічаем у гэтай Еўралізе? Я лічу, што трэба ўдзельнічаць, бо шмат гульцоў ёсць унутранага чэмпіянату, якія маюць малы міжнародны досвед. А вось гэтая Еўраліга дазваляе ім адчуць тонус гульні менавіта для міжнародных сустрэчаў. Так, можа быць гэтая справа расходная, але яна патрэбная для каманды, якая хоча расці, абавязкова павінна гэта прысутнічаць», – кажа галоўны трэнер зборнай Беларусі Аляксандр Клімовіч.

У іншым матчы нашай падгрупы Фінляндыя таксама ўсухую, але не без вартага ўвагі супраціву з боку Аўстрыі, перамагла альпіек і датэрмінова ўзяла першае месца.

Тэніс

Вызначыліся фіналісты на буйным тэнісным турніры Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў «Мерседэс Кап» у нямецкім Штутгарце. 16-я ракетка свету – француз Люка Пуй, які атрымаў праз адмысловае запрашэнне адразу і чацвёрты нумар пасеву, адпрацаваў свой аванс цалкам, перагуляўшы ў 1/2 ніжэй рэйтынгавага суайчынніка Бэнуа Пэра 7:6, 7:5. А нясеяны іспанец Фэлісьяна Лопэс забраў права змагацца за перамогу на хатнім турніры ў шостай ракеткі – Мішы Зверава, адолеўшы таго ў трох партыях – 6:7, 7:6, 7:5. Не дакрочыла да фіналу і беларуска-польская пара Максім Мірны – Марцін Маткоўскі, якая з лікам 3:6, 7:6, 6:10 саступіла другому дуэту спаборніцтваў, Джэймі Мары (Вялікая Брытанія) – Бруну Суарэс (Бразілія).

Футбол

Таварыскі матч з нагоды 90-гадовага юбілею Беларускага фізкультурна-спартовага таварыства «Дынама» паміж ветэранамі клубу «Дынама» (Менск) і «Спартак» (Масква) прынёс перамогу гасцям у серыі пенальці пасля таго, як асноўны час скончыўся ўнічыю 3:3.

«Мы прапусцілі на апошніх хвілінах, бо ўсё ж такі лаўка запасных у менчукоў была даўжэйшая, і яны за кошт заменаў больш свежыя напрыканцы аказаліся. Карацей, вынік заканамерны», – кажа Алег Раманцаў,«Спартак» (Масква).

«35 гадоў таму Эдуард Малафееў, Іван Савосцікаў і Арзамасцаў Веніямін сабралі каманды дасведчаных хлопцаў і моладзь. І вось яны як тут аб’ядналіся і паперлі», – кажа Юрый Пудышаў,«Дынама» (Менск).

Алесь Пуціла, «Белсат», фота: Беларуская федэрацыя баскетболу