Агляд спартовых навінаў


Баскетбол

Нацыянальная жаночая зборная Беларусі па баскетболе ляніва стартавала на чэмпіянаце Еўропы ў Чэхіі. Нагрузіўшыся вялікаю колькасцю стратаў, фалоў (у тым ліку ў нападзенні), нашыя суайчынніцы пад кіраўніцтвам дэбютанткі на трэнерскім мастку Наталлі Трафімавай нягегла згулялі супраць Італіі, саступіўшы апенінкам першую палову з розніцаю 10 мячоў і агулам матч з удвая большым дэфіцытам – 60:80.

Лёгкая атлетыка

На пятым этапе «Дыяментавай лігі» Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацыяў у сталіцы Нарвегіі, Осла, скокі ў вышыню ў мужчынаў выгуляў 28-мі гадовы Мутаз Баршым з Катару, паказаўшы ўражвальны вынік ужо ў другой спробе – 2 метры 38 сантыметраў. Малады беларускі атлет, 20-ці гадовы Павел Селіверстаў, бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы 2017 летась выступаў на двух этапах гэтай Лігі і вынік 2.29 на апошнім у Брусэлі дазволіў яму заняць пятае месца. Але зараз менчуку хапіла і 2 метры 25 сантыметраў, каб раздзяліць трэцяе месца, упершыню ўзняўшыся на пʼедэстал найпрэстыжнейшай «Дыяментавай лігі» ужо ў 20 год. Аліна Талай выйшла на найвышэйшае ўласнае дасягненне ў сезоне падчас бегу на 100 метраў з барʼерамі, але тут 12.90 хапіла толькі на чацвёртае месца.

Футбол

У матчы 12-га туру чэмпіянату Беларусі па футболе «Слуцк» сустрэўся з «Крумкачамі». Хаця ўсё ішло да таго, што фінансава трывалая заводская каманда з Менскай вобласці страціць тры пункты, але ў кампенсаваны час ёй удалося адгуляцца – нічыя 1:1, і менчукі ўсцяж 12-ыя ў табліцы. «Слуцк» узняўся на чацвёртае месца з пятага, хаця цяпер гарадзенскі «Нёман», які адолеў клуб «Менск» на сваім стадыёне 3:1, саступае яму толькі пункт.

Алесь Пуціла, «Белсат», фота: Беларуская федэрацыя баскетболу