Агляд спартовых навінаў


Бокс

Непераможны амерыканскі баксёр-прафесіянал з паўсярэдняй вагавой катэгорыі Флойд Мэйўэдэр, народжаны як Флойд Сінклер, і на 12 гадоў маладзейшы баец змяшаных адзінаборстваў з Ірландыі Конар Энтані Макгрэгар дамовіліся аб скрыжаваным баі ў рынгу на 29 жніўня з месцам правядзення яго ў Лас-Вэгасе.

Хакей

Паводле афіцыйных звестак каля шасцісот пяцідзесяці (650) тысяч чалавек выйшлі на вуліцы Пітсбургу вітаць сваіх землякоў з нагоды заваяванага мясцовымі «Пэнгўінз» другога запар Кубка Стэнлі. І гэта на 200 тысячаў больш у параўнанні з мінулагоднім парадам. Гульцы дружыны неаднаразова саскоквалі з машыны да заўзятараў, фатаграфаваліся з імі, гутарылі, пакідалі аўтографы. А Сідні Кросбі нават падбягаў да фанатаў з трафеем, дазваляючы дакрануцца да Кубка.

Футбол

Незалежнае інфармацыйнае выданне «Киевский экспресс» агучыла, колькі будзе атрымліваць у якасці заробка новы галоўны трэнер мясцовага «Дынама» Аляксандр Хацкевіч. Ігар Суркіс прагназавана будзе плаціць беларусу меней, чымся ягонаму папярэдніку Сяргею Раброву, які атрымліваў за месяц чыстымі 60 тысяч долараў. Хацкевіч пагадзіўся на суму ўдвая меншую і не гандляваўся. Бо вялікіх трэнерскіх дасягненняў не мае, а ва Украіне да таго ж няпроста знайсці працу футбольнаму трэнеру. Са звестак сродкаў масавай інфармацыі, памочнікі Хацкевіча Максім Шацкіх, Алег Лужны ды Міхаіл Міхайлаў пагадзіліся на заробкі ад 8 да 15 тысяч долараў за месяц.

Алесь Пуціла, «Белсат», фота: mmafighting.com