Аб'ектыў 14.06.2017 Агляд спартовых навінаў


Лёгкая атлетыка

У фінскім горадзе Тeрку прайшоў 55-ты з ліку старт серыі «Чэлендж» Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацыяў пад назваю Гульні Паава Нурмі, праведзеныя на 120-ты дзень нараджэння «лятучага фіна», дзевяціразовага алімпійскага чэмпіёна, уладальніка найбольшай колькасці – дванаццаці – алімпійскіх медалёў у гісторыі лёгкай атлетыкі на сярэдніх і доўгіх дыстанцыях. Амаль 12 тысячаў гледачоў сталіся сведкамі трэцяй запар перамогі тут двухразовага чэмпіёна свету па кіданні молата Павэла Файдэка з Польшчы.

Валейбол

Чэмпіён Беларусі сярод мужчынскіх камандаў, салігорскі «Шахцёр», які дэбютуе ў Лізе чэмпіёнаў Еўрапейскай канфедэрацыі валейболу ў другім кваліфікацыйным раўндзе, 18-га кастрычніка ў Тэль-Авіве і 22-га кастрычніка ў Менску згуляе супраць 11-ціразовага чэмпіёна сваёй краіны – ізраільскага «Макабі».

Футбол

Супернік зборнай Беларусі з кваліфікацыйнага турніру да чэмпіянату свету – 2018 па футболе, каманда Францыі, згуляла на «Стад дэ Франс» у Парыжы таварыскі двубой супраць Англіі ды атрымала перамогу з лікам 3:2.

Баскетбол

У васьмі поўных сезонах Адзінай лігі ВТБ гэты баскетбольны мужчынскі турнір выгульвалі толькі дзве дружыны – маскоўскі ЦСКА ды «Хімкі» з-пад сталіцы Расеі. Армейцы – сем разоў. У фінале сезону 2016-2017 яны пераканальна перагулялі хімчанаў, як і пазалетась, 3:0. І з кожным матчам чэмпіён толькі прагрэсаваў: плюс 6 і плюс 20 у Маскве, але 23 пункты перавагі ў заключным двубоі ў Хімках. 95:72 канчатковы вынік.

Алесь Пуціла, «Белсат», фота: Lehtikuva / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары