Аб'ектыў 09.09.2016 Агляд спартовых навінаў 09.09.2016


Паралімпіяда: Беларусь

У першы ж дзень Паралімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра, якая стала 15-й па ліку ў гісторыі, Беларусь здабыла першы, і адразу «залаты» медаль.

Бабруец з найлепшым часам увайшоў у фінал плавання на дыстанцыі 100 метраў батэрфляем для спартоўцаў з парушэннем зроку. І пабіў свой жа сусветны рэкорд. На чэмпіянаце планеты–2015 Ігар праплыў гэтую дыстанцыю за 54 секунды і 44 сотых. А зараз у Бразіліі значна палепшыў час, паказаўшы 53,85. Атлет пяць разоў узнімаўся на найвышэйшую прыступку пʼедэсталу гонару на папярэдніх Гульнях, у Лондане, а цяпер стаў шасціразовым паралімпійскім чэмпіёнам. Раніцою ў пятніцу вяртанец у вялікі спорт, чэмпіён Афінаў-2004, а цяпер вазочнік Аляксандр Трыпуць, марачы пра золата, стаў усё ж хай і бронзавым, але прызёрам спаборніцтваў у кіданні капʼя.

Хакей

Стартаваў юбілейны, 25-ы сезон у Беларускай нацыянальнай хакейнай лізе. Пакуль без дзейнага чэмпіёна Экстралігі – менскага «Юнацтва». «Мядзведзі» у гэтую пятніцу заканчваюць удалую для іх кваліфікацыю Лігі чэмпіёнаў выязным двубоем супраць шведскага «Вэкгё Лэйкерз» у групе L. Таму матч першага туру менчукоў супраць «Ліды» перанеслі на пазнейшы тэрмін.

Тэніс

Амерыканская тэнісістка Серына Ўільямз не можа запісаць сабе гэты год у актыў. Няўдалая Алімпіяда, невыхад у фінал Адкрытага Чэмпіянату ЗША і як вынік – страта першага месца ў сусветным рэйтынгу Жаночай тэніснай Асацыяцыі.

Але сёлета на хатнім «мейджары» амерыканака прыпынілася ў паўфінале, прагуляўшы чэшцы Караліне Плішкавай 2:6, 6:7 і згубіла лідарства. Першаю ракеткаю планеты, прынамсі, найбліжэйшым часам, будзе дачка бацькоў-палякаў, але нарадзінка нямецкага Брэмену 28-мі гадовая Анжэлік Кербэр. У паўфінале сёлетняга «US Open» Анжэлік перагуляла Каралін Вазняцкі з Даніі і стала другою немкаю ў гісторыі, якая дамаглася найвышэйшага радку ў сусветным рэйтынгу.

Фота – cdn1.img.rsport.ru

Глядзі таксама
Каментары