Агляд спартовых навінаў 07.07.2016


Футбол

Другі фіналіст першынства Старога свету будзе вядомы сёння ўвечары, калі ў Марселі наймацнейшага выявяць Нямеччына і Францыя. Пад пытаннем удзел у гэтым двубоі Мар’ё Гомэса, дакладна не дапаможа «бундэстыму» паўабаронца Самі Кедыра, які атрымаў траўму ў матчы з італьянцамі, а таксама абаронца Матс Гумэльс, які перабраў жоўтых картак. У французаў усё ў гэтым плане ў парадку, траўмаваных і дыскваліфікаваных няма. Міжсобку гэтыя дружыны правялі 27 матчаў, у якіх 9 разоў перамагала Нямеччына, 12 – Францыя, і было зафіксавана 6 нічыіх. Цяпер букмекерскія канторы невялікую перавагу аддаюць дружыне Ёахіма Лёва.

Хакей

Трэнерскі штаб сталічнага хакейнага «Дынама» папоўніўся новым настаўнікам. Коўчам галкіпераў стаўся фінскі спецыяліст Яры Каарэла, які сёння падпісаў кантракт да канца наступнага сезону. У мінулым Яры адказваў за рыхтаванне брамнікаў у піцерскім СКА. Тым часам, дырэктарат Кантынентальнай хакейнай лігі зацвердзіў склад удзельнікаў чэмпіянату 2016-га – 2017-га гадоў. У барацьбу за трафей уступяць 29 клубаў, у тым ліку адзіны навічок – кітайскі «Кунь-Лунь Рэд Стар», аснову якога складуць хакеісты з Еўропы і Паўночнай Амерыкі.

Тэніс

Эндзі Мары зрабіўся апошнім удзельнікам стадыі ½ фіналу «Ўімблдану». У чвэрцьфінале ў няпростым пяцісэтавым супрацьстаянні брытанец, другая ракетка свету, нанёс паразу 12-му ў рэйтынгу «ATP» французу Жо-Вільфрыду Цонга 7:6, 6:1, 3:6, 4:6, 6:1. У сустрэчы за выхад у галоўны старт Мары згуляе з чэхам Томашам Бэрдыхам. Яшчэ адну паўфінальную пару склалі швейцарац Роджэр Фэдэрэр і Мілаш Раўныч з Канады.

Фота – syracuse.com