Агляд спартовых навінаў 06.09.2016


Футбол

У аўторак распачынаем шлях да расейскага чэмпіянату свету–2018. У першай групе каманда галоўнага трэнера Аляксандра Хацкевіча прымае віцэ-чэмпіёна Еўропы – Францыю. У сувязі з гэтым узгадваецца 2010-ты год, калі таксама напачатку адбору, у той час да чэмпіянату Еўропы–2012, беларусы пад кіраўніцтвам нямецкага адмыслоўцы Бэрнда Штанге перагулялі французаў на іхным «Стад дэ Франс» 1:0, дзякуючы голу Сяргея Кісляка з перадачы Вячаслава Глеба на 86-й хвіліне двубою.

Сёння ж на «Барысаў-Арэне» будзе пераважаць белы колер. Матч распачнецца на а 21:45. Усе квіткі, паводле афіцыйнай інфармацыі, прададзеныя. Двубой абслужыць румынская брыгада арбітраў на чале з 36-цігадовым Авідыў Хацэганам.

Міні-футбол

У сваім першым матчы пасля вяртання ў найвышэйшую лігу клуб «Аматар» у берасцейскім палацы спорту «Вікторыя» саступіў менскай «Ахове-Дынама» з лікам 1:2. На дубль гульца сталічнай каманды Паўла Кнігі берасцейцы адказалі толькі адным дакладным стрэлам Змітра Барысюка. Нягледзячы на паразу ў дэбютнай гульні «Аматар» ставіць перад сабой сурʼёзныя задачы ў чэмпіянаце.

Хакей

Перадапошні матч групавога этапу Лігі чэмпіёнаў Міжнароднай федэрацыі хакею з шайбаю згуляла менскае «Юнацтва». Лідары падгрупы Л у Чэхіі сустрэліся з мясцовым клубам «Млада-Болеслаў» і саступілі 2:3, але для датэрміновага выхаду ў плэй-оф 1/32-ю фіналу, гэтага хапіла.