Агляд спартовых навінаў 06.07.2016


Футбол

Іспанскі суд паставіў кропку ў справе Льёнэля Мэсі. Гульца «Барселоны», а таксама ягонага бацьку прыгаварылі да 21-го месяца турэмнага зняволення кожнага, а таксама яны мусяць заплаціць штраф Eur 4,5 млн. У 2013-ым годзе ім было выстаўленае абвінавачанне аб ухіленні выплаты падаткаў, на агульную суму Eur 4,1 млн. Аднак наўрад ці Мэсі і ягоны бацька адправяцца за краты, бо паводле іспанскіх законаў, кожнае пакаранне менш за 2 гады можна адбыць пад выпрабавальным тэрмінам.

Першы паўфінал Еўра-2016

На чэмпіянаце Еўропы па футболе засталося згуляць толькі два матчы, першы з якіх адбываецца сёння. У Ліёне наймацнейшага высветляць удзельнікі паўфіналу Партугалія – Ўэльс. Гэтая сустрэча нечаканая як для фанатаў зборных, гэтак і для саміх гульцоў. Дружына Партугаліі паказала не самы цікавы футбол на першынстве, але нягледзячы на гэта яны змаглі дабрацца да паўфіналу, згуляўшы пяць матчаў унічыю. А вось гульня валійцаў здзіўляе ўсё больш і больш. Пасля ўражальнай перамогі над Бельгіяй у іх зʼявіўся рэальны шанец пакінуць след у гісторыі футболу і дайсці да фіналу.

Тэніс

У жаночым адзіночным разрадзе «Ўімблдану» сталі вядомыя ўсе ўдзельніцы паўфіналаў. Апошняй туды пропуск даволі нечакана аформіла Алена Весніна. Расяянка, 50-ая ў рэйтынгу WTA, перамагла славачку Домініку Цыбулкаву, 18-аю ракетку свету, у двух сэтах з аднолькавымі 6:2. Яе суперніцаю за выхад у галоўны старт будзе амерыканка Сэрына Ўільямз.

Фота – Getty Images