Агляд спартовых навінаў 06.02.2017


Гандбол

Берасцейскі гандбольны клуб рызыкуе ўпершыню ня трапіць у лік удзельнікаў «Фіналу чатырох» Лігі Паўднёва-Усходняй гандбольнай Асацыяцыі, застаўшыся за тры матчы да заканчэння спаборніцтваў на пятым месцы ў табліцы з немалым пасівам перад папярэднікам.

У чарговым туры «мяшкоўцы» саступілі ў Славеніі мясцоваму «ЦЭле» 27:29. Гасцям удалося весці ў ліку толькі з 16-й да 22-й хвіліны, а ў другой палове яны так далёка адпусцілі суперніка, саступаючы яму нават да шасці пунктаў, што дагнаць не далІ рады. Такім чынам, БГК саступае два пункты харвацкаму «Загрэбу» і пры гэтым згуляў на дзве сустрэчы больш за суперніка. Наперадзе ў Берасця тры матчы, два з якіх – выязныя. А вось «Веспрэму» давялося праводзіць дзве сустрэчы ў мінулыя выходныя і ў абодвух вугорская дружына перамагла на сваёй пляцоўцы: спачатку македонскі «Металург» са Скопʼе 33:21, а затым аўтсайдэра «Ізвіджач» з Босніі і Герцагавіны, але не так проста – 36:31.

Баскетбол

А менскія «Цмокі» атрымалі доўгачаканую перамогу ў Адзінай лізе ВТБ, нанёсшы на сваёй арэне паразу казанскаму «Уніксу» ў оўвэртайме 87:85.

Перамога над удзельнікам Еўралігі і чацвёртай каманды мінулага сезону Лігі ВТБ не была, і не магла стаць лёгкай. Гэта яшчэ пашчасціла, што ўдалося перавесці гульню ў оўвэртайм і там не шчасціла супернікам. А выніковы пераможны мяч удаўся Джастыну Грэю дзякуючы ягонаму трапнаму «трохпунктаваму» кідку за секунды да заканчэння дадаковай пяціхвілінкі. Джастын набраў 15 пунктаў, але найбольш выніковым быў Дру Джойс з 17-цб набранымі. Гэты абаронца і правёў на пляцоўцы больш за ўсё часу, ажно 37 хвілінаў 43 секунды. «Цмокі» застаюцца на 12-м, перадапошнім месцы ў агульнай табліцы. Наступны матч – 19 лютага ў Менску супраць восьмай «Астаны», а потым прымем рыжскі ВЭФ, які сёлета нечакана паспяховы і ідзе на шостым месцы.

Футбол

Уладальнікам Кубка Афрыканскіх нацыяў па футболе – 2017 у Габоне стала дружына Камеруну.

Саступіўшы ў фінале першы тайм Егіпту, 0:1, «неўтаймоўныя львы» пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера з Бельгіі Уга Броаса адгуляліся ў другой палове з пераможным голам нападніка турэцкага «Бэшыкташу» Вэнсана Абубакара на 89-ай хвіліне. Раней цэнтральнаамерыканская дружына фіналы «фараонам» прагульвала: у 1986 годзе акурат у Егіпце паводле пенальці, у 2008-ым у Гане з лікам 0:1. Гэткім чынам, камерунцы сталі пяціразовымі чэмпіёнамі Афрыкі. Больш тытулаў толькі ў Егіпту – сем.