Аб'ектыў 05.09.2016 Агляд спартовых навінаў 05.09.2016


Хакей

Галоўны трэнер беларусаў Дэіў Льюіс прызнаў, што камандам, якія ён трэнаваў, ніколі не шанцавала па-за межамі асноўнага часу. У матчы са Славеніяй саступалі 0:2, здолелі зраўняць вынік, але на большае імпэту не хапіла. І ў выніку прагулялі галоўны матч сезону балканцам у серыі булітаў. Атрымалі паразу ў хатнім турніры ў Рызе і латышы, саступіўшы ў вырашальным матчы, але ў асноўны час – Нямеччыне, 2: 3. А група F выступала ў Осла, і тут гаспадары пацешылі сваіх заўзятараў. Двубой для нарвежцаў быў валявы: яны першыя прапусцілі ад Францыі, але затым здолелі перахапіць ініцыятыву і закінуць галоўную шайбу за дзве з паловаю хвіліны да заканчэння трэцяга перыяду, атрымаўшы мінімальную перамогу, 2:1.

Баскетбол

Мужчынская нацыянальная зборная Беларусі па баскетболе прагуляла і другі матч кваліфікацыі да Чэмпіянату Еўропы-2017, саступіўшы на сваёй пляцоўцы фаварыту нашае падгрупы – дружыне Польшчы – 79:97.

Аляксандр Круцікаў, настаўнік зборнай, адзначыў, што палякі выдатна закрылі ўсе самыя моцныя бакі беларусаў, бліскуча скарысталіся контратакамі і магчымасцямі кідкоў з перыметру. Трэнер прызнаў, што памылкаю было з пачаткам другой паловы выпусціць не зусім здаровага праз праблемы са спінаю навабранца – амерыканскага разыграўцу Мааліка Ўэйнза

Партугалія зазнала паразу ў другі гульнявы дзень ад Эстоніі на сваёй пляцоўцы – 68:76. У трэцім туры Беларусь у сераду, 7-га верасня, прыме пірэнэйцаў.

Формула-1

Нечакана слаба стартаваў Льюіс Гэмілтан на 14-м этапе чэмпіянату свету па аўтагонках у класе машынаў «Формула-1» – Гран-пры Італіі. Балід брытанца хвацка зрэагаваў на сігнал святлафораў, але так і не развіў належнай хуткасці. Льюіс прапусціў наперад ажно пяцярых супернікаў. І хоць потым у чатырох удалося адгуляць перавагу (шмат у чым дзякуючы таму, што стайня «Мерседэс» абрала тактыку з адным піт-стопам, у той час як большасць супернікаў прыпынялася ў боксах двойчы па хадзе дыстанцыі), да перамогі не дацягнуўся.

Фота – TUT.BY

Глядзі таксама
Каментары