Агляд спартовых навінаў 01.09.2016


Футбол

Футбольная зборная Беларусі мінімальнай перамогай скончыла ў Осла таварыскі двубой супраць каманды Нарвегіі. Першы тайм праходзіў з перавагаю гаспадароў, якія бліжэй да яго канца мелі некалькі магчымасцяў адкрыць лік, аднак у выніку забітых мячоў мы не ўбачылі. Беларусы таксама рэдкімі вылазкамі турбавалі ўладаранні брамніка Эр’яна Нюланда, аднак з ударамі Цімафея Калачова і Аляксандра Мартыновіча ён паспяхова даў рады. Пасля перапынку вынік сустрэчы вызначыў прыгожы ўдар Сяргея Крыўца, які выйшаў на замену і замкнуў дакладны пас Міхаіла Гардзейчука. Адбылося гэта на 56-й хвіліне, і часу адгуляцца ў гаспадароў было шмат. Аднак з неверагоднаю колькасцю атак, якую яны абрынулі на нашую браму, беларускія абаронцы разам з галкіперам Гарбуновым справіліся на выдатна. Дэбют дружыны Аляксандра Хацкевіча ў новай чорнай форме з эмблемаю «белых крылаў» можна лічыць паспяховым. Цяпер застаецца перанесці поспехі таварыскіх двубояў на глебу афіцыйных. Гэты шанец з’явіцца ўжо 6-га верасня, калі ў межах адбору да мундыялю мы на «Барысаў-арэне» прымем Францыю.

Тэніс

Першая сенсацыя ў жаночым адзіночным разрадзе тэніснага турніру «US-Open». Яго корты пакідае трэцяя ракетка свету Гарбінне Мугуруса. Іспанка ў другім коле нечакана саступіла 5:7, 4:6 прадстаўніцы Латвіі Настассі Севаставай, якая ў рэйтынгу ВТА – толькі на 48-й пазіцыі. За адну гадзіну і 41 хвіліну, што працягвалася сустрэча, латвійка тройчы падала навылет. Гэта была першая сустрэча апанентак, а ў трэцім коле Севастава згуляе з украінкаю Кацярынаю Бандарэнкай, якая не пусціла далей кітаянку Чжэн Сай Сай 5:7, 7:6, 7:5.

Фота – Ёнас Свенсан, АБФФ