«Аднойчы пераможам чэхаў і канадцаў». Беларускім хакеем будзе кіраваць Сямён Шапіра


Новы старшыня ФХБ заявіў, што збіраецца развіваць дзіцяча-юнацкі спорт.

Старшынём Федэрацыі хакею Беларусі абралі кіраўніка Менаблвыканкаму Сямёна Шапіру, які змяніў на гэтай пасадзе Ігара Рачкоўскага.

Новы старшыня ФХБ кажа, што займаўся справамі хакею на пасадзе старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму.

«Разам з трэнерам Анатолем Варывончыкам (старшыня ХК «Нёман». – Заўв. «Белсат») вырашылі зрабіць так, каб хакеем у рэгіёне ганарыліся. Працуючы са спецыялістамі ў гэтым відзе спорту, я вывучыў структуру хакейнага клубу. Справа кіраўніцтва – правільна падабраць трэнерскі калектыў», – заявіў Шапіра.

Паводле чыноўніка, павышаную ўвагу ён будзе надаваць дзіцяча-юнацкаму спорту.

«Выгульваць перамогу ў чэхаў і канадцаў вельмі складана. Можна, вядома, аднак пасля таго, як створым ўласную школу. І нават перакананы: аднойчы мы пераможам гэтыя зборныя», – заявіў у размове з «Прэсболам» Сямён Шапіра.

Новы старшыня ФХБ падкрэсліў, што атрыманне права правядзення чэмпіянату свету 2021 года ў Менску і Рызе – «велізарная перамога».

«Я думаю, што яго прызначылі да 2021 года, калі Менск будзе прымаць чэмпіянат, – кажа спартовы аглядальнік «Народнай волі» Віталь Гарбузаў. – Калі не – гэта губляе ўсялякі сэнс. Праз год можа будзе Макей, праз два гады Сідорскі, хто заўгодна».