Адміністрацыя Трампа пачала змаганне супраць галоўнай рэформы Оўбамы


Ці медычная праграма Абамы, або інакш «Абамакэр», працягне існаванне з прыходам Трампа? Стратэгію адмены гэтай рэформы пачалі рыхтаваць сенатары-рэспубліканцы Кангрэсу ЗША разам з абраным віцэ-прэзідэнтам Майкам Пэнсам:

«Амерыканскі народ у лістападзе прагаласаваў за змены. Абраны прэзідэнт і я працуем разам з сенатарамі, каб стрымаць выбарчыя абяцанні, а гэта перадусім – адмена і замена няўдалай праграмы «Абамакэр», – зазначыў Пэнс.

Дзейны прэзідэнт тым часам за зачыненымі дзвярыма сустрэўся з дэмакратамі, каб распрацаваць план ратавання існай сістэмы.

Паводле закону, прынятага ў 2010-м годзе, набыццё страхоўкі стала абавязковым для ўсіх грамадзянаў. З дапамогай субсідыяў ахову здароўя пачалі распаўсюджваць на тых, хто з розных прычынаў не можа яе мець – гэта 32 мільёны чалавек на момант старту праграмы.

Сярод новаўвядзенняў «Абамакэр»:

– магчымасць для моладзі карыстацца страхоўкай бацькоў да 26-гадовага ўзросту.

– забарона кампаніям адмаўляць у страхоўцы тым, хто ўжо мае сурʼёзныя хваробы

– ураўноўванне коштаў страхоўкі для жанчын з мужчынскімі

– абавязковае забеспячэнне страхоўкамі працаўнікоў у сярэдніх і буйных кампаніях.

Апошняя захада – адна з прычынаў вострай незадаволенасці рэспубліканцаў. Яны бачаць у гэтым ціск на бізнес.

Да таго ж, сцвярджаюць прыхільнікі адмены, праграма вельмі дорага абыходзіцца краіне. Агульны кошт яе 10-гадовага функцыянавання – 940 мільярдаў долараў. Але ў дэмакратычным лагеры ўпэўненыя, што рэспубліканцы папросту не маюць ніякіх альтэрнатываў.

Рэспубліканцы ж абяцаюць мяккі пераход да рэформы аховы здароўя, заснаванай на рынку.

Адметна, што абраны прэзідэнт Доналд Трамп хоча захаваць некаторыя палажэнні «Абамакэр», якую часта называюць адным з галоўных дасягненняў цяперашняга рэзідэнта Белага дому.

Таццяна Рэут, Белсат