«Адмарозкі», якіх паважаюць за патрыятызм. «Справа баевікоў» развальваецца?


«Пры пыдтрыманні зноў жа заходніх фондаў і фінансаванні нашых адмарозкаў, што ўцяклі за мяжу, – спроба напружваць сітуацыю ў Беларусі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

З гэтых словаў ды інфармацыі пра выкрыццё цэлага лагеру баевікоў пад Бабруйскам распачалася справа гэтак званага «Белага легіёну». Дзяржаўныя тэлеканалы паказалі цэлы шэраг матэрыялаў, што меліся давесці актывізацыю няіснай ужо сямнаццаць гадоў арганізацыі. Пра тое, што паказаная ў сюжэтах зброя – у найлепшым выпадку страйкбольная або вучэбная, ужо неаднаразова казалі эксперты. Сёння чацвёра вызваленых фігурантаў справы распавялі пра тое, як праваахоўнікі будавалі гэтую справу.

«У мяне тое, што напісана ў лісце – то бок там кароткі запіс – падрыхтоўка баевікоў цягам апошніх шасці год. З чым, што гэта і калі адбывалася – там падрабязнасцяў ніякіх няма. Іх цікавіў Белы Легіён, але я ім нічога не мог адказаць, бо арганізацыя не існуе ўжо больш за 15 гадоў», – кажа сябра «Маладога фронту» (МФ) Зміцер Крамянецкі.

«Запытвалі – хто з Маладога Фронту выязджаў ва Украіну, ці там ёсць у кагосьці зброя, клуб Ваяр іх вельмі цікавіў. Ці прыносіў хтосьці зброю сапраўдную», – дадае актывіст МФ Арцём Леўчанка.

За кратамі застаюцца яшчэ дзесяць фігурантаў справы. У тым ліку лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха і адзін з лідараў «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі. Усіх іх вінавацяць у рыхтаванні масавых закалотаў, якіх, зрэшты, не было.

«Уся крымінальная справа рыхтавалася ў паспеху, бо памятаем – Аляксандр Рыгоравіч сказаў, маўляў “знойдзеныя”, і толькі пасля ўжо сталі затрымліваць. І Статкевіч казаў, што справа ўзбуджаная ўжо на наступны дзень. Таму хапалі па нейкім лагічным ланцужку са спісаў і канешне, калі ніяк ужо ня вяжацца – хлопцаў ужо сталі адпускаць», – мяркуе блогер Эдуард Пальчыс .

Выглядае на тое, што разрэкламаваная справа з баевікамі, правакацыямі ды фінансаваннем з-за мяжы паволі развальваецца. Аднак, паводле блогера, улады самыя сабе не пакінулі выйсця – усіх не вызваляць.

«Тое, што было 25 – гэтае ледзь не вайсковае становішча ў Менску – гэта ўсё ж нібыта з-за гэтай справы. Калі яны пасля пакажуць, што там нічога не было і ўсіх паадпускаюць – гэта дакор сілавікам. Таму, зараз ім трэба зрабіць прыгожую казку, пра нейкіх радыкалаў, якія планавалі, штосьці рабілі, мелі зброю, каб апраўдаць разгоны і масавае затрыманне», – кажа блогер.

Апраўданне падзеяў мінулых выходных можа каштаваць тым, хто дагэтуль застаецца за кратамі, нават трох гадоў пазбаўлення волі – столькі прадугледжвае айчыннае заканадаўства за рыхтаванне масавых закалотаў.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»