Адкручваць галовы ды нахіляць. Лукашэнка пра беспрацоўных ды інфляцыю


Адкручваць галовы ды нахіляць. Гэткімі захадамі Аляксандр Лукашэнка прапануе змагацца з інфляцыяй і беспрацоўем. Пра гэта ён заявіў падчас сённяшняга прызначэння мясцовай вертыкалі ўлады. З афіцыйнай статыстыкі можа падацца, што гэтыя захады спрацоўваюць.

У жніўні спажывецкія кошты ў Беларусі ня проста перасталі расці, але ўпалі амаль на цэлы адсоткавы пункт. Агулам інфляцыя за першыя 8 месяцаў гэтага году склала 6,6 %. Гэта – найніжэйшы ўзровень з 2010 году.

Улады прыпісваюць заслугу сабе

«Вы папярэдзьце тых, хто ў вас займаецца продажамі, потым, атрымаўшы інфармацыю, праверце і здыміце некаму галаву, калі ён неабгрунтавана завышае кошты», – абрынуўся з пагрозамі Лукашэнка.

Між тым адмыслоўцы сыходзяцца на тым, што кошты ў Беларусі змяншаюцца і без удзелу дзяржавы.

Цэны ляснуліся за кошт больш танных імпартных тавараў

«Існае зніжэнне тэмпаў інфляцыі ў немалой ступені абумоўлена зніжэннем замежных коштаў, то бок, неманетарным чыннікам, устойлівасць якога па-за кантролем Нацбанку», – тлумачыць Алішэр Мірзоеў, кіраўнік стабілізацыйнай праграмы ЕФСР для Беларусі.

Нягледзячы на параўнальна, нізкі рост коштаў, Беларусь сёлета апынулася на 14-м месцы ў свеце паводле росту інфляцыі. Адмова ад друкавання грошай ды меншыя прыбыткі насельніцтва сапраўды спрычыніліся да зніжэння коштаў. Але дзяржаўныя манаполіі, наадварот, трымаюць кошты высока. Гэтак, імпарт злакаў патаннеў сёлета ў чатыры разы, але хлеб, наадварот здаражэў на 2 %, а малако, якое вырабляецца праз кармленне жывёлы гэтымі злакамі, здаражэла ажно на 7 %.

З беспрацоўем Аляксандр Лукашэнка загадаў змагацца шляхам персанальнай дапамогі, а дзе трэба – прымусу людзей да працы праз гэтак-званы дэкрэт аб дармаедах. Незалежныя адмыслоўцы, аднак, адзначаюць, што такія метады прывялі да скарачэння занятых у эканоміцы на 50 тысяч чалавек за апошнія 15 гадоў.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Andrei Stasevich / BelTA / TASS / Forum