Аб'ектыў 22.03.2017 Аддзел працаўладкавання: Шанцуе таму, хто мае хуткія ногі


Як развязаць праблему беспрацоўя? Адказу на гэтае пытанне шукаюць менскія чыноўнікі. У горадзе зладзілі адмысловы кірмаш вакансіяў. Аднак, як выявілася, прапановы былі сціплыя, а задаволеных мала. У сваю чаргу кіраўнік краіны анансаваў новае паляванне на дармаедаў.

Хто першы ўстаў – таму пантофлі

У сталічным Міжраённым аддзеле працаўладкавання «Першамайскі, Савецкі, Цэнтральны» сёння было надзвычай шмат наведнікаў. З самой раніцы людзі займалі чэргі і спрачаліся.

Вядома, хто першы, той і мае найбольш шанцаў атрымаць неабходную працу. Напружанасць у цэнтры занятасці зразумелая: некаторыя прыходзяць сюды не першы месяц. Пакуль безвынікова.

«Па прафесіі я трактарыст. У мяне 25 гадоў стажу. Яны мне за цэлы год працу гэтак і не знайшлі», – скардзіцца беспрацоўны мужчына.

Улады імітуюць кіпучую дзейнасць

Уся надзея гэтых людзей была на кірмаш вакансіяў, зарганізаваны гарадскімі ўладамі. Аднак хутка высветлілася, што працаўладкаванне знойдуць нешматлікія. Да прыкладу, прадпрыемства «Прамсувязь» можа запрапанаваць няшмат, бо людзі адтуль амаль не звальняюцца.

Ці такім чынам можна развязаць балючую праблему беспрацоўя?

«Гэта мне нагадвае савецкія часы, калі ў крамах нічога не было. Тады ладзілі нейкія кірмашы, але акрамя кансерваў рыбных, солі хлеба там нічога не было», – праводзіць паралелі Аляксандр Ярашук, прафсаюзны лідар.

«Шанцуе таму, хто мае хуткія ногі»

Зрэшты, і самыя цэнтры занятасці адкрыта прызнаюцца, што забяспечыць усіх ахвотных працаю немагчыма.

«Фактычна 80% шукаюць працу, якая не патрабуе кваліфікацыяў. Гэта стораж, ахоўнік ці грузчык. Такія заяўку паступаюць ад прадпрыемстваў, але на ўсіх іх не хопіць адназначна. Шанцуе таму, хто мае хуткія ногі», – звяртае ўвагу Таццяна Цімафеева з міжраённага аддзелу працаўладкавання.

Што рабіць, калі ногі не хуткія, а працаваць трэба?

«Адступаць ад свайго дыплому, не трымацца за яго мёртва, асвойваць нейкія іншыя сферы, або ісці на некваліфікаваную працу, ведаючы, што ты там таксама не адзін жадаючы», – запэўнівае спадарыня Цімафеева.

Значная частка прапанаваных на біржах вакансіяў фальшывая

Гэтую праблему наш тэлеканал асвятляў яшчэ на пачатку года. Сітуацыя не змянілася і цяпер. У такім стане, мяркуюць эксперты, незразумелы загад Лукашэнкі да траўня працаўладкаваць усіх беспрацоўных. Яшчэ раней ён казаў, што ў краіне трэба ствараць адмысловыя брыгады, якія будуць садзіць лес, будаваць, маляваць і прыбіраць.

Вядома ж, бясплатна. Учора Лукашэнка заявіў, што не адмяняў і не прыпыняў дзеяння дэкрэту аб дармаедах. Маўляў, вядзецца работа, каб дэкрэт мог запрацаваць напоўніцу.

Дармаедаў, паводле Лукашэнкі, як мінімум 350 000 тыс. А гэта значыць: другая серыя «лістоў шчасця» ўжо неўзабаве.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары