Адарвала руку на працы. Адказ кіраўніцтва – палохаць


Вось ужо два гады Вольга Віткоўская дабіваецца праўды ад кіраўніцтва «Дэлі Ост», дзе на вытворчасці ёй адрэзала частку рукі. Не атрымаўшы ніякай кампенсацыі ды стаміўшыся чакаць хоць нейкай афіцыйнай рэакцыі на сваю справу, Вольга запісала відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі.

«Паважаны Аляксандр Рыгоравіч! Я – маладая здаровая жанчына, хачу працаваць і сама сябе забяспечваць. Але для гэтага мне трэба функцыянальны пратэз, які я магу атрымаць, калі сітуацыя вырашыцца. Дапамажыце, калі ласка, ссунуць справу з мёртвай кропкі, бо без вашага ўмяшальніцтва, падобна, гэтага не адбудзецца», – заявіла Вольга Віткоўская.

Як атрымалася, што засталася без рукі?

У канцы 2015-га года Вольга Віткоўская ўладкавалася памочніцаю сартавальніка на прадпрыемства апрацоўвання дрэва «Дэлі Ост». Але ў першы ж дзень ёй запрапанавалі стаць за станок склейваць драўніну, хоць паводле дакументаў яна не мела права нават падыходзіць да такога абсталявання. Пасля трох месяцаў працы без адпаведных дакументаў, навучання ды інструктажу, з Вольгаю здарылася трагедыя – ёй адарвала кісць левай рукі.

«Пачаліся ўсялякія праверкі прадпрыемства. Дырэктар пачаў запалохваць супрацоўнікаў, пагражаючы ім звальненнем. Сітуацыя з працаўладкаваннем у Віцебску цяжкая, таму многія пабаяліся і не сталі сведчыць супраць яго. Тыя, хто быў за мяне, тыя, хто вырашыў расказаць праўду, былі звольненыя «па артыкуле» без разліку», – рапавядае Вольга.

Жанчыну прымушалі падпісаць хлуслівы дакумент

Маўляў, траўму яна атрымала не на вытворчасці. Вольга не пагадзілася і адразу ж пасля здарэння напісала заяву ў пракуратуру, але справа прасоўваецца даволі павольна. Адзінае, што на гэты момант атрымала кабета, – касметычны пратэз ад страхавой кампаніі, які не дазваляе паўнавартасна працаваць.

Сітуацыю каментуе прадстаўніца Следчага камітэту па Віцебскай вобласці Святлана Сахарава.

«Гэта справа расследуецца следчым упраўленнем. У цяперашні час яна прыпынена да атрымання заключэння экспертызы. Усе неабходныя экспертныя даследаванні, якія трэба было прызначыць, следчыя прызначылі ў ходзе расследавання. Зараз яны чакаюць вынікаў судова-тэхнічнай экспертызы», – зазначыла прэс-сакратар.

Пасля трагедыі Вольга Віткоўская разжанілася

Цяпер яна вымушаная цалкам самастойна забяспечваць сваё жыццё. Але знайсці працу чалавеку з абмежаванымі здольнасцямі ў Беларусі вельмі складана.

«Не толькі з інваліднасцю, але і звычайным людзям без інваліднасці зараз з працай вельмі цяжка».

«У мяне пляменнік і ягоная жонка – інваліды па слыху. Нідзе не бяруць».

«У нас у Віцебску знайсці працу з інваліднасцю – гэта ўвогуле вялікія-вялікія праблемы».

– кажуць і апытаныя намі жыхары Віцебску.

У сваёй заяве ў пракуратуру Вольга патрабуе кампенсацыі маральнае шкоды памерам Br 100 тыс., функцыянальны пратэз, а таксама выплату сярэднямесячнага заробку да выхаду на пенсію. Яна спадзяецца, што публічны зварот да кіраўніка краіны зможа прымусіць Следчы камітэт хутчэй разгледзець ейную справу і пакараць кіраўніцтва «Дэлі Ост».

Зміцер Міцкевіч, «Белсат», Фота: Зміцер Мірціч / news.vitebsk.cc