«Ад сілы 300 долараў, на большае не разлічваем». Улады працягваюць абяцаць «усім па 500», але беларусы ў гэта не вераць


Хто паабяцае беларусам больш? Яшчэ ў сераду семсот рублёў у сельскагаспадарчай галіне абяцаў віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы. А ўжо сёння міністр працы і сацыяльнай абароны згадала пра тысячу рублёў. Усё, як казаў кіраўнік краіны. Хутка Новы год, і падарункі вітаюцца. Аднак чыноўніца прызнае: тысяча будзе, але не ўсім.

Пад час наўпроставай тэлефоннай лініі міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч нагадала, што запаветная тысяча сярэдняга заробку ў прынцыпе магчымая, але…

«Заробак трэба зарабіць, у любой галіне – прамысловасць, сельская гаспадарка, гандаль і гэтак далей. І мы павінныя разумець, што ў залежнасці ад фінансавага стану прадпрыемства, ці галіны, у кожнай канкрэтнай асобы заробак будзе розны», – заявіла міністр працы і сацыальнай абароны Ірына Касцевіч.

Заробак сапраўды розны – хтосьці, як нагадала чыноўніца ўжо даўно пераваліў за абяцаную тысячу, а хтосьці жыве менш, як за палову гэтае сумы. Апытаныя ж намі жыхары магілёву ў амбітныя планы ўраду ня вераць.

Жыхары Магілёва кажуць:

«Улічваючы, што ў нас цяпер нават пяціста рублёў не атрымлівае нават і палова жыхароў Беларусі – нерэальна»

«Сярэдні заробак – гэта ж як сярэдняя тэмпература па больніцы. У кагосьці вялікая, у кагосьці малая, але ў большасці – тры, чатыры, пяць мільёнаў»

«У сярэднім – 250, ну ад сілы трыста долараў, на большае не разлічваем, хіба»

Дык гэта яшчэ гаворка пра тых, хто мае працу. Пакуль міністр распавядала пра планы павышэння заробку, у Менску праходзіў з’езд Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Абаронцы правоў працоўных звяртаюць увагу на рост беспрацоўя. Пакуль афіцыйна ў краіне зарэгістравана 0,6% беспрацоўных, то рэальныя лічбы ў разы большыя. Найгоршая сітуацыя традыцыйна ў рэгіёнах.

«Безпрацоўе расце, мы знаходзімся на другім месцы па колькасці беспрацоўных у рэгіёне, пасля Маладзечна», – кажа намеснік старшыні прафсаюзу РЭП Васіль Бераснеў з Оршы.

А ў Маладзечна, як распавядала старшыня Белстату Інна Мядзведзева пад канец лістапада, без працы ў горадзе – амаль кожны дзясяты жыхар. Прафсаюзныя лідары на зʼездзе прынялі адмысловую рэзалюцыю, у якой запатрабавалі ад уладаў цытата, адмовіцца ад архаічных камандна-адміністратыўных метадаў кіравання і тэрмінова правесці рэформы, каб вывесці краіну з сацыяльна-эканамічнага крызісу. У іншым выпадку, на думку прафсаюзнікаў, напружанне ў грамадстве сягне становішча з пачатку году, калі людзі дамагліся прыпынення дзеяння гэтак званага дэкрэту аб дармаедстве

«Вясна змяніла думкі ў тых людзей, хто гатовы да пераменаў. Калі будзе нарастанне крытычнае масы, будуць перамены. Я б не сказаў, што мы вярнуліся да сітуацыі напярэдадні вясны-2017. Сітуацыя развіваецца, як яна будзе развівацца – залежыць ня толькі ад улады, але цяпер яшчэ і ад людзей і нас, прафсаюзнікаў», – кажа прадстаўнік незалежнага прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак.

Незалежныя прафсаюзнікі таксама выступілі супраць крымінальнага пераследу лідараў прафсаюзу РЭП Генадзя Федыніча і Ігара Комліка ды на безальтэрнатыўнай падставе пераабралі старшынём Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука. Той займае гэтую пасаду без перапынку з 2002 году.

 

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»