Аб'ектыў 16.01.2018 Ад пажару да тэракту. Чаго не вытрымае БелАЭС?


Больш за 100 заўвагаў і пытанняў. Гэтак Літва адказала на вынікі стрэсавых тэстаў, праведзеных на будоўлі атамнай станцыі ў беларускім Астраўцы.

«Літва не знайшла адказу на самае галоўнае для яе пытанне – наконт выбару пляцоўкі. А таксама на шэраг іншых пытанняў, звязаных з ацэнкай уплыву на навакольнае асяроддзе. Таксама наконт якасці будаўніцтва і культуры бяспекі», – зазначыў кіраўнік працоўнай групы і намеснік кіраўніка «Vatesi» у ядравай бяспецы Сігітас Шляпавічус.

Літоўская працоўная група звяртае ўвагу, што не ўлічаныя наступствы імаверных пажараў у блізкіх лясах ці паводкі з прычыны прарыву штучнага вадаёму на рацэ Нярыс. Сумневы выклікае аналіз устойлівасці ў выніку экстрэмальнага землятрусу ці падзення цяжкога самалёта.

«Калі вы зараз пойдзеце на сайт БелАЭС, там напісана, што яна вытрымае самалёт ледзь не ў 100 тон вагою. А насамрэч тая ахоўная абалонка, якая ўжо зараз пабудаваная, можа вытрымаць самалёт не больш цяжкі, чым 5,7 тон», – тлумачыць фізік-ядравік з Расеі Андрэй Ажароўскі.

Таксама экспертам не хапіла, цытата, «абгрунтавання забеспячэння незалежнасці сістэмы кіравання ў выпадку цяжкіх аварыяў». Вердыкт літоўскіх адмыслоўцаў: астравецкая станцыя не адпавядае сучасным патрабаванням бяспекі.

Стрэсавыя тэсты праводзіла кампанія «Atomprojekt»

Яна належыць карпарацыі РОСАТАМ – генпадрадніку будоўлі, якому залежыць на яе працягу іміджава і фінансава. На гэта ў каментары «Белсату» ў снежні звяртаў увагу адмысловец «Грынпіс».

«Для Расеі тут падвойная выгада. Таму што яны будуюць атамную станцыю ў Беларусі. Беларусь бярэ на сябе экалагічныя і фінансавыя рызыкі. У той жа час, Расея зможа дыктаваць кошты на энергію з Астраўца», – даводзіць Ян Гавэркамп.

Хто аналізаваў тэсты з літоўскага боку?

Дзяржінспекцыя ў атамнай энергетыцы, Інстытут энергетыкі, кампанія VAE SPB, Ігналінская атамная станцыя, геалагічная- і гідраметэа- службы, МЗС і Міністэрства энергетыкі ды Агенцтва ўтылізацыі ядравых адкідаў сталі датычныя да ацэнкі. Праз няпоўную карціну, што да бяспекі праекту, урад Літвы патрабуе правядзення даследаванняў паводле еўрапейскіх стандартаў.

«Слова стрэсавы тэст мае сваю канкрэтную матэрыялізацыю. Ёсць еўрапейскі звяз ядравых рэгулятараў, які называецца ENSREG. І ён распрацоўваў крытэры, паводле якіх будуць правярацца атамныя станцыі на тэрыторыі ЕЗ. Беларусь схітрыла, Беларусь не выкарыстоўвае методыку ENSREG, аднак выкарыстоўвае гэты лэйбл, называе праведзены аналіз стрэсавымі тэстамі», – папярэджвае Ажароўскі.

Беларускую атамную станцыю будуюць за 50 кіламетраў ад літоўскай сталіцы. Перадусім з прычыны гэтага з пачатку будаўніцтва Вільня ўважліва сочыць за будоўляй патэнцыйна вельмі небяспечнага праекту каля сваёй мяжы.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: thedailybeast.com

Глядзі таксама
Каментары