Абыякавасць гарадзенскіх дактароў, якая пацягнула смерць


2-га траўня жыхар Горадні Анатоль Мышкевіч пратэставаў каля ўваходу ў будынак Гарадзенскага аблвыканкаму. Як цвердзіць сам, зладзіць адзіночны пікет яго прымусіла нядбайнасць мясцовых дактароў, што спрычынілася да смерці ягонага дзядулі. Вельмі хутка спадара Мышкевіча затрымалі міліцыянты, а суд Ленінскага раёну ў той жа дзень аштрафаваў яго на Br 690.

Буйны штраф стаўся непрыемнаю неспадзяванкаю. Аднак Анатоля Мышкевіча чакала яшчэ адная, гэтым разам прыемная.

Гарадзенцы пачалі збіраць грошы на аплату штрафу

«Вялікі дзякуй людзям за іх падтрыманне. На дадзены момант ужо сабралі каля 600 рублёў на аплату штрафу. Таксама дзякую за маральнае падтрыманне. Без удзелу людзей, без журналістаў, якія гэта асвятлялі, ніякага выніку не было б», – падкрэсліў спадар Мышкевіч.

Прыклад Анатоля Мышкевіча чарговы раз сведчыць пра тое, што ў нашай краіне ніхто не застрахаваны ад рэпрэсіяў.

Не абавязкова патрабаваць змены ўлады ці выкрыкваць палітычныя лозунгі

Выйсці на вуліцу Анатоля Мышкевіча прымусіла драматычная сітуацыя, якая здарылася ў красавіку. Ягоны 88-мігадовы дзядуля, хворы на анкалогію, патрабаваў тэрміновай дапамогі. Дактары маглі аблегчыць пакуты старога, але адмовіліся. Цяжка хворага чалавека не прынялі ў двух шпіталях. Падставаю сталася нібыта прапіска ў Менскай вобласці.

«Доктар не звяртаў на майго дзядулю ніякай увагі. Ён паглядзеў у картачку, убачыў там менскую прапіску, спаслаўся на загад № 344 і катэгарычна адмовіўся прымаць майго дзядулю ў шпіталь», – сведчыць Анатоль.

Спадар Мышкевіч звярнуўся ў Гарадзенскі аблвыканкам з патрабаваннем прымаць у гарадзенскіх шпіталях усіх хворых, якія патрабуюць тэрміновай дапамогі, не зважаючы на прапіску. Акрамя гэтага, ён дамагаецца звальнення чыноўніка, які выдаў злашчасны загад № 344.

Ці ўдасца Анатолю дайсці да справядлівасці?

Пра гэта будзе вядома неўзабаве. Ён верыць, што ягоны пратэст узварухнуў грамадскасць і ніхто ў Горадні праз абыякавасць дактароў больш не пацярпіць.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Rymakov Vadim / ITAR-TASS / Forum