Аб'ектыў 12.09.2017 Абвал цэнаў у краіне. Адкуль ногі растуць?


«Росту коштаў не будзе. Гэта я вам гарантую» – з году ў год чуюць беларусы абяцанні Лукашэнкі. Але кошты «гаранта» не асабліва слухаліся ды няспынна раслі. Да гэтага лета, бо ўжо ў чэрвені ўлады заявілі, што інфляцыя ў Беларусі выйшла на гістарычны мінімум, а ў наступныя два месяцы і ўвогуле знікла. На змену ёй прыйшла дэфляцыя – зніжэнне коштаў.

Прычына гэткай неадчувальнасці не толькі ў тым, што дэфляцыя за жнівень склала менш за 0,8 %, але і ў тым, што зніжэнне коштаў адбылося не на ўсе тавары, а перадусім на тыя, што ўваходзяць у спіс прадуктаў, якія маніторыць Статыстычны камітэт ды субсідуе дзяржава.

«Многія кошты рэгулююцца, тыя, што ўваходзяць у кошык тавараў і паслуг, па якіх назіраецца змяненне коштаў, яны не ахопліваюць тое, што насельніцтва набывае і спажывае», – тлумачыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

Патаннелі ў жніўні, паводле Белстату, харчовыя тавары

Кошты на іх у параўнанні з ліпенем знізіліся амаль на 1,9 %, што звязана са штогадовым сезонным спадам цэнаў на гародніну і садавіну. Ёсць і яшчэ адна прычына – кошты не растуць, бо людзі не ў стане больш плаціць за тавар.

«Зніжаная плацежаздольнасць людзей. Таварам завалена, а людзі не могуць купіць – мы прыходзім як у музей, глядзім на кошты і ў дзіву даемся».

«За два месяцы дэфляцыя ну і што? За трэці месяц навярстае гэтыя два. Будзьце ўпэўненыя. Агульная сітуацыя такая, што дэфляцыі не будзе».

– скептычна паставіліся да навіны апытаныя намі жыхары Менску.

Умелае жангляванне лічбамі

«Праўдамі і няпраўдамі тэмпы росту коштаў будуць заніжаныя, гэта аўтаматычна павышае рэальны заробак. Таму каб выканаць гэты паказнік росту заробку да 600 долараў можна зрабіць, і долар у выніку розных працэсаў абясцэніць, кошты стрымаць. Таму на 1 месяц могуць зрабіць, а пасля кошты вырастуць», – упэўнены спадар Злотнікаў.

Узімку замарозіць кошты наўрад ці атрымаецца. І тады беларусы замест фразы Лукашэнкі «гэты рост коштаў трэба прыпыніць!», пачуюць тыповае «Рост коштаў будзе і мы ад гэтага нікуды не падзенемся!».

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары