Абаронцы Курапатаў звярнуліся да прэзідэнтаў Нямеччыны, Аўстрыі, Польшчы і Ізраіля


Бестэрміновая акцыя пратэсту побач з рэстарацыяй «Поедем поедим» ля ўрочышча Курапаты працягваецца ўжо дзевятнаццаты дзень. Жарсці напальваюцца – цяпер дайшло ўжо і да крымінальнай справы!

Да пяці гадоў зняволення цяпер пагражае актывісту грамадскай арганізацыі «Альтэрнатыва» Мікіце Найдзіну, які ў нядзелю патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў пра тое, што рэстарацыя «Поедем поедим» замінаваны, хоць на самой справе ніякіх выбуховых рэчываў на тэрыторыі ўстановы не знайшлі. Ілжывы выклік. Гэтакая тактыка не знаходзіць падтрымкі ў іншых пратэстоўцаў.

«Ён гэта зрабіў, каб унесці свой уклад, каб гэтая рэстарацыя зачынілася… Гэта будзе таксама добрым успамінам для тых людзей, якія б хацелі можа быць іншым чынам, як пратэстоўцы, прыняць удзел у супраціве. Няхай свае дзеянні прадумваюць больш законна», – кажа Алег Корбан з грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва».

Тым больш і пры законным пратэсце можна дамагчыся пэўных вынікаў.

«Самы галоўны вынік, які зараз ёсць – гэта грамадскі кансэнсус вакол Курапатаў. Што ў гэтую рэстарацыю ехаць і есці нельга. Нават нягледзячы на агромністую быццам бы рэкламную кампанію – назва «Поедем поедим, напэўна, усе карпарацыі перакрыла за апошнія два тыдні па згадках, але што мы бачым – пусты банкетны хол на 300 чалавек», – распавядае сустаршыня БХД Павел Севярынец.

Па словах пратэстоўцаў, цяпер рэстаран наведваюць усяго два-тры чалавекі на дзень. З усімі імі пратэстоўцы праводзяць тлумачальныя размовы і раздаюць улёткі. А сёння ў ліку тых, хто не змог заехаць на тэрыторыю ўстановы, трапіла і яе адміністратарка, бо спазнілася на працу. Раней Святлана Дубкова ўжо адзначылася абразлівымі каментарамі ў адрас пратэстуючых, называла іх крымінальнікамі і «не народам».

«Ёсць такія спадзевы, што ўлады ўсё-такі пойдуць на саступкі, пойдуць на камунікацыі, ці можа быць нейкім чынам абавяжуць уладальнікаў гэтай ганебнай рэстарацыі да камунікацыі і перамоваў. Гэта як мінімум. Ці можа будзе дыялог непасрэдна з прадстаўнікамі ўлады», – кажа Алег Корбан.

Прымусіць улады на афіцыйным узроўні звярнуць увагу на праблему абаронцы Курапатаў спрабуюць не толькі праз сам пратэст і інфармацыйную кампанію вакол яго, але таксама і з дапамогай міжнародных структураў.

«Мы размаўлялі з амбасадамі пераважна і з нашымі партнёрамі – Еўрапейскай народнай партыяй у Бруселі… 29 чэрвеня адбудзецца адкрыццё мемарыяла Трасцянец, у які, мы ведаем, укладваліся немцы. Таму тут чакаюцца высокія госці. Па праграме максімум – прэзідэнты Польшчы, Аўстрыі, Германіі і Ізраілю… Мы просім прэзідэнтаў заехаць не толькі ў Трасцянец 29 чэрвеня, але і ў Курапаты, ускласці кветкі да месца масавых сталінскіх расстрэлаў», – распавядае Павел Севярынец.

Абаронцы Курапатаў звярнуліся з адкрытым лістом да замежных лідараў. Яго падпісалі нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, паэты Уладзімір Някляеў і Алесь Пашкевіч ды іншыя палітычныя і грамадскія дзеячы.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»