Абарона Курапатаў. Дзень шосты


Будаўніцтва бізнесовага цэнтру прыпынілі, а лагер абаронцаў Курапатаў паволі расце. Цяпер каля будаўнічага плота – чатыры намёты і прыблізна 50 чалавек. Міліцыя пакуль не перашкаджае актывістам, якія ўсталявалі каля лагеру Крыж памяці ахвяраў, расстраляных ува ўрочышчы. Пра шосты дзень пратэсту супраць будоўлі на касцях – Усевалад Шлыкаў.

Актывісты збіраюцца абнесці ўсю ахоўную зону крыжамі на знак памяці забітых тут ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Хаця сітуацыя на месцы застаецца спакойная з учора, абаронцы мемарыялу рыхтуюцца да супрацьстаяння.

«Могуць паўтарыцца правакацыі, што былі вось пазамінулай ноччу, калі 10-15 пераапранутых супрацоўнікаў міліцыі накінуліся на намётавае мястэчка. Цяпер я пазнаў рыла аднаго амапаўца, які ў новенькай будаўнічай робе робіць выгляд, што ён будаўнік»,  – кажа лідар Маладога фронту Зміцер Дашкевіч.

Тым не менш намётавы лагер не турбавалі невядомыя з палкамі, а будаўнікі не спрабавалі аднавіць працы. Каб спыніць іх, учора адзін з актывістаў, Сяргей Пальчэўскі, прыкуў сабе кайданкамі да будаўнічага МАЗа. Прычым у сераду на прыёме ў старшыні Менскага гарвыканкаму актывістам паабяцалі, што ў гэтай справе правядуць правяранне і да яго канца ніякіх працаў не будзе. На чарговую размову ў гарвыканкам сталіцы абаронцы збіраюцца ў бліжэйшую сераду. Пакуль жа проста на будаўнічым плоце актывісты нагадваюць людзям, чаму бароняць урочышча:

«Будаўнікі зрабілі тут вялізны плот, прыблізна такі самы, які быў тут у трыццатыя гады, калі тут расстрэльвалі людзей. Мы адразу ж падумалі зрабіць на гэтым плоце жывы мемарыял, раздрукаваць і размясціць партрэты пра тых людзей, якія былі закатаваныя сталінскім рэжымам і інфармацыю пра Курапаты».

Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Белрэканструкцыя», што будуе бізнес-цэнтр, нагадвае: пляцоўка месціцца за межамі зоны гістарычна-культурніцкае каштоўнасці. Аднак жыхары мікрараёну Зялёны Луг, якія падтрымліваюць актывістаў, заяўляюць, што будаўніцтва з імі не ўзгаднялі, і раней на гэтым месцы было забаронена будаваць паркінг або дзіцячую пляцоўку. Сёння адмысловы зварот з нагоды сітуацыі каля мемарыялу апублікаваў арцыбіскуп, мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч:

«Складаная сітуацыя, якая склалася сёння, ніколі б не ўзнікла, калі б пасля адкрыцця парэшткаў жорстка забітых у Курапатах людзей былі зробленыя адпаведныя даследаванні і была канкрэтна абазначаная тэрыторыя пахаванняў».

Арцыбіскуп заклікае ўлады памятаць пра гістарычную важнасць мемарыялу, дзе паводле розных ацэнак былі расстраляныя ад трыццаці тысячаў да нават чвэрці мільёна чалавек. Афіцыйнай рэакцыі на падзеі ўва ўрочышчы дасюль няма, хаця не сакрэт, што некаторыя чыноўнікі лічаць героямі хутчэй тых, хто расстрэльваў людзей у Курапатах. Гэтак у сённяшнім інтэрвю «Савецкай Беларусі» міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч распавёў пра сваю павагу да ўніформы НКВД, у якой ён выйшаў на парад трэцяга ліпеня.

«Я надзяваю яе кожны год 9 траўня. А мая жонка – агульнавайсковую ўніформу часу Вялікай Айчыннай. У гэтай уніформе праваахоўнікі працавалі ў цяжкі паваенны час, змагаліся з узброенымі бандамі, абаранялі людзей ад крымінальнікаў і нацысцкіх недабіткаў».

Тым часам тых, хто не падзяляе гістарычнага бачання Шуневіча, у лагеры з кожным днём толькі болей. Абаронцы Курапатаў упэўненыя, што да канца супрацьстаяння яшчэ далёка, і абяцаюць стаяць да адмены будаўніцтва.