Улады: Беспрацоў'я няма. 90 прадпрыемстваў зладзілі ў Менску кірмаш вакансіяў


Даць працу ўсім і кожнаму да першага траўня – такую задачу перад мясцовымі ўладамі ставіў Лукашэнка месяц таму. І цяпер загад чыноўнікі выконваюць, прынамсі гэта дэманструюць. У Менску ажно 90 прадпрыемстваў зладзілі кірмаш вакансіяў, сярод іх працоўныя месцы прапаноўваюць буйныя дзяржаўныя заводы – як то маторны або Інтэграл.

Вадзім Коваль, працаўнік аддзелу персаналу ОАО «Інтэграл»:

У асноўным гэта мужчынскія працы пажадана каб быў досвед і высокія разрады, пачынаючы ад 4 да 7 чалавек, сёння прыйшлі 7 чалавек, будзем на наступным тыдні з імі сустракацца і праводзіць сумоўі.

Заробкі тут да абяцаных Лукашэнкам 1000 рублёў не дацягваюць – гэтак, у «Белэнеграбуд» шукаюць арматуршчыкаў, бетоншчыкаў і штукатураў на заробак 500 рублёў, да 800 рублёў абяцаюць на заводзе шасцерняў. Але, паводле саміх наведнікаў кірмашу, атрымаць такую працу таксама няпроста – нават нягледзячы на стаж і разрад.

Вось што кажуць наведнікі кірмашу вакансіяў:

Я па спецыяльнасці электрасваршчык 3 разрада адпрацаваў 27 год але гатовы ўжо хоць што знайсці і заробак, бо становішча ў краіне крытычнае;

Я загэгістраваўся ў службе занятасці і ў мяне 2 вышэйшыя адукацыі і мне прапаноўваюць грамадскія працы;

Я ўжо гатовы на любую працу, хоць дворнікам, але паспрабую знайсці хоць штосьці тут.

Але, паводле Лукашэнкі, сітуацыя выглядае інакш – на сустрэчы з прыхаджанамі аршанскай царквы ў мінулую нядзелю ён заўпэўніў, што працоўныя месцы ўжо ствараюцца, і далей іх будзе толькі болей – але з адною ўмовай.

Спіс вакансіяў на тым жа кірмашы прынамсі фармальна пацвярджае словы кіраўніка краіны – толькі на завод шасцерняў гатовыя прыняць паўсотні чалавек. Але гэты ж самы завод два гады таму скараціў 10 адсоткаў працаўнікоў, на столькі ж зменшыўся і штат «Амкадору». Адкуль тады ў праблемных прадпрыемстваў з’яўляюцца новыя працоўныя месцы? Кіраўнік менскай суполкі незалежных прафсаюзаў радыёэлектроннай прамысловасці Ігар Комлік сцвярджае, што ўладкаваць людзей па загадзе – не такая ўжо вялікая праблема. Але што гэта будзе за праца?

Ігар Комлік, кіраўнік Менскай суполкі РЭП

То бок я магу працаўладкаваць і 2 млн чалавек проста маючы 5,5 млн працаздольнага насельніцтва, я магу дадаць да 2х млн людзей з не вельмі высокай кваліфікацыяй яшчэ два мільёны і падзяліць іх заробак на два, усе будуць працаўладкаваныя, але як яны забяспечаць сваё жыццё і жыццё сваіх семʼяў?

Паводле Белстату, беспрацоўя ў Беларусі амаль няма – зарэгістраваных беспрацоўных у краіне ўсяго 1 адсотак. Праўда, пасля падпісання Дэкрэту аб дармаедах беларусы атрымалі 470 тысяч так званых лістоў шчасця – а гэта амаль 10 адсоткаў ад працаздольнага насельніцтва краіны.

НХ, «Белсат»