Аб'ектыў 09.05.2018 9 траўня ў Беларусі: міфы выцясняюць гістарычную праўду


Пакуль адныя кажуць «можам паўтарыць», іншыя, перадусім сапраўдныя ўдзельнікі і відавочцы самай жахлівай вайны ў гісторыі чалавецтва, адказваюць – «ніколі болей».

Сёння ў Беларусі гэты дзень адзначалі ня толькі «Бессмяротным палком» і святочнымі мерапрыемствамі, але і акцыямі памяці.

9 траўня ў Захара Тарасевіча, здавалася б, падвойная нагода да свята. Сёння яму споўнілася 84 гады. На другі год акупацыі беларускае зямлі, большую частку жыхароў ягонай вёскі Лесіны, што на Віцебшчыне, расстралялі. Рэшту вывезлі ў Асвенцім, дзе іх сустрэў кіраўнік гэтак званага Інстытуту гігіены СС Ёзэф Мэнгеле.

«Ён прайшоўся і сказаў: паглядзіце на гэтыя жывёлкі! Усе блакітнавокія, нікога ў акулярах, трэба паглядзець, чаго яны вартыя. І Менгеле пачаў крамсаць. Забраў сястру, забраў брата – яму было штосьці каля пяці. Пасля забраў мяне», – распавядае Захар Тарасевіч.

З усіх шасці Тарасевічаў выжыў толькі дзесяцігадовы Захар. Яго вызвалілі 18 лютага. На ягонае меркаванне, слова «свята» да 9 траўня ніяк не пасуе. Падобнага меркавання трымаюцца сотні людзей, што прыйшлі сёння ў сталічны мемарыял «Яма». У сакавіку 1942 года нацысты расстралялі там 5 тысячаў вязняў менскага гета.

«Восем чалавек з сям’і расстралялі немцы. Усе загінулі, адна я жывая засталася, дажыла, дзякуй Богу, ужо 81 год. Гэта вельмі цяжкі дзень, вельмі памятны», – кажа Людміла Гудкова, сведка Другой сусветнай вайны.

Вязень менскага гета Абрам Разоўскі дзеліцца сваёй гісторыяй:

«Бацькі загінулі ў розны час, падчас пагромаў. Я быў у менскім гета і ўцякаў некалькі разоў. Няўдала. Толькі ў апошні раз удалося ўцячы».

Савецкая Беларусь зазнала жахлівых стратаў: сотні знішчаных ушчэнт гарадоў і вёсак, у тым ліку беларуская сталіца. Мільёны загінулых на фронце і ў лагерах смерці, а з улікам палонных і вывезеных у Райх цывільных – вайна забрала практычна кожнага трэцяга жыхара тагачаснай Беларусі. Заканчэнне гэтага жаху цяжка святкаваць, але неабходна памятаць, мяркуюць актывісты «Моладзі БНФ», што напярэдадні свята рушылі да магілы самага вядомага беларускага франтавіка.

«Мы бачым, на жаль, дзяржаўная прапаганда стварае абсалютна недарэчны і непраўдзівы культ савецкага франтавіка, аддадзенага Сталіну. Гэтая палітыка вядзе да таго, што новыя пакаленні ўсё менш ведаюць праўды і ўсё менш ведаюць пра самога Быкава», – мяркуе намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Сам Васіль Быкаў пабачыў гэты небяспечны трэнд яшчэ 18 гадоў таму. У 2000-м народны пісьменнік Беларусі казаў:

«Я ў атаку хадзіў моўчкі без усялякіх воклічаў, гэтыя крыкі былі толькі на газетных старонках. Я не чуў нічога такога на полі бою. Гэта ўсё міфы ваеннай, пасляваеннай прапаганды. З боку ідэалогіі робіцца ўсё, каб у духоўным сэнсе ўвесь сэнс гэтай вайны застаўся ў вобразе міфаў».

А там дзе квітнеюць міфы, месца для гістарычнае праўды застаецца ўсё менш.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары