78 гадоў таму Гітлер напаў на Польшчу


Урачысты залп і сірэны – яшчэ перад світанкам. А чацвертай сорак 78 гадоў таму гітлераўская Нямеччына з зямлі, вады і паветра заатакавала Польшчу. Пачалася Другая сусветная вайна.

Вайна адсунула ўсё на другі план

Першая паветраная атака прыпала на горад Велюнь: яна знішчыла 75 % места і забіла тысячу трыста мірных жыхароў. Гэтую трагедыю назвалі польскаю Гернікаю. Праз пяць хвілінаў пад агнём нямецкай авіяцыі апынуўся паўвостраў Вэстэрплятэ, што ў Гданьску.

Сталіца Польшчы зазнала масіраванае бамбаванне Люфтваффэ з першых гадзінаў другой сусветнай, непасрэдная наземная абарона Варшавы пачалася праз тыдзень, 8-га верасня. Горад трымаўся амаль тры тыдні і поўнасцю капітуляваў 28-га.

Ці магла Еўропа супольнымі сіламі перадухіліць агрэсію Гітлера?

Калі не ў 39-м, то раней: яшчэ перад аншлюсам Аўстрыі ды Чэхаславаччыны. Паводле гісторыка Ігара Кузняцова, Вялікая Брытанія, Францыя спадзяваліся, што апетыты Гітлера іх не закрануць.

«Фактычна агрэсару спрыялі і намякалі: ну вазьміце там Польшчу, ну ў рэшце рэшт, Савецкі саюз, але не ідзіце…А гітлер зрабіў прасцей: спачатку акупаваў Еўропу, а пасля паспрабаваў захапіць Савецкі саюз», – кажа гісторык Ігар Кузняцоў.

Не стаяў збоку і Савецкі Саюз

Вызначальную ролю ў падзенні Польшчы і далейшым разгортванні вайны, упэўненыя адмыслоўцы, сыграў амаль адначасовы з нямецкім удар Чырвонай Арміі з усходу, праз месяц пасля падпісання пакту Молатава–Рыбэнтропа.

«Карыстаючыся, значыць, станоўчым ходам баявых дзеянняў Германіі і Польшчы гэтыя ўсходнія часткі Польшчы, Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны далучыў да сваёй тэрыторыі. Многія гісторыкі лічаць, што з гэтага часу Савецкі саюз уступіў у вайну на баку Германіі», – зазначыў гісторык Зміцер Люцік.

Інтарэсы супольнымі былі нядоўга, да 41-га года. А вось Другая сусветная вайна і яе наступствы: Галакост, мільёны забітых і пакалечаных, зруйнаваныя гарады – сталі агульнымі для ўсёй Еўропы.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Mary Evans Picture Library / Forum