Агляд спартовых навінаў


Футбол

Перадапошні, 29-ты тур чэмпіянату краіны па футболе ў эліце вызначыў новага лідара, а ім зноў стаў барысаўскі БАТЭ, які дома перамог «Нёман» 3:1. Сталічнае «Дынама» было мацнейшае за «Крумкачоў» 1:0 і ўзнялося на другі радок турнірнай табліцы.

Лёс супрацьстаяння «Дынама» – «Крумкачы» вырашыў адзіны дакладны ўдар. Яго аўтарам на 55-ай хвіліне стаў Уладзімір Хвашчынскі. Непрыемны сюрпрыз сваім заўзятарам прыпаднёс салігорскі «Шахцёр», які дома саступіў жодзінскаму «Тарпеда-Бел-АЗ» 1:2 і скаціўся на трэці радок. У апошнім туры БАТЭ, каб заваяваць чарговае золата першынства, дастаткова згуляць у гасцях унічыю з «Гарадзеяй». У разборках на дне табліцы «Іслач» перамагла «Дняпро» 1:0 і ўжо дакладна эліты не пакіне.

Гандбол

Упэўненаю вікторыяй менскага гандбольнага СКА скончыўся першы матч 3 кваліфікацыйнага раўнду Кубка ЕГФ. У сталічным Палацы спорту ва Уруччы армейцы перамаглі іспанскі клуб «Лёгроннё» – 36:28. Больш за ўсіх мячоў у гульні – 10 – закінуў Аляксандр Падшывалаў.

Хакей

Сталічнае хакейнае «Дынама» цалкам праваліла свой другі матч выязнога турнэ КХЛ. Ва Уладзівастоку «зуброў» падчыстую разграміў мясцовы «Адмірал» 5:0. У турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі «бела-блакітныя» засталіся на дзясятым радку, а ад зоны плэй-оф адстаюць ужо на 7 балаў. Скончаць гасцявы ваяж Гордзі Дўаер і кампанія ў панядзелак у Хабараўску двубоем супраць «Амуру».