5 рублёў за рыбалку. У Беларусі ўжо сотні платных азёраў


Беларусь, як вядома, край азёраў, толькі вось за карыстанне багаццем нашае прыроды беларусам яшчэ даводзіцца і плаціць з уласнае кішэні. Апошнім часам практыка перадавання азёраў арандатарам пастаўленая на паток. Гэтак, каля 120-ці вадаёмаў Віцебскай вобласці здадзеныя ў арэнду, яшчэ каля 80-ці застаюцца ў рэзервовым арэндным фондзе.

Возера Лосвіда ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці раней было поўнае рыбы, а цяпер стаіць пустое.

«Арандатар узяў возера ў арэнду, зарыбляў ён яго, не зарыбляў ён яго. У возеры рыбка сама размнажалася. У гэтым возеры арганізуецца промысел, ловы, сеці. Рыбка вылоўліваецца, прадаецца. Ну а пасля возера застаецца пустое. Як кажуць людзі, мноства азёраў ператварыліся ў пустыя студні», – кажа рыбак Алесь Марач.

Пры гэтым арандатары часта абмяжоўваюць свабодны доступ да арандаваных вадаёмаў. За адпачынак і рыбалку на возеры Лосвіда даводзіцца плаціць.

«Я тут вырас на гэтым возеры. І плаціць пяць рублёў за паўкілаграма гэтай рыбы? – кажа мясцовы жыхар. – Возера незарыбленае, бруднае, берагі недагледжаныя. Ніхто практычна нічога не робіць. І хадзіць туды няма сэнсу – пяць рублёў плаціць кожны дзень».

«На жаль, у нас цяпер робіцца як. Прыехалі, узялі возера ў арэнду, выграблі адтуль усё, што можна і ўсё», – дадае іншы вясковец.

«Перш як браць возера ў арэнду, трэба нешта зрабіць для гэтага возера», – кажа яшчэ адзін мясцовы.

Арандатары заяўляюць, што прэтэнзіі рыбакоў да іх неапраўданыя, а яны дзеюць цалкам у адпаведнасці з заканадаўствам. Працаўнікі ТАА «Вялес», якому возера Лосвіда перададзенае ў арэнду на 10 гадоў, кажуць пра выдаткі, якія нясе таварыства, абслугоўваючы вадаём.

«Гэта зноў жа выдаткі на паліва, на зарплату супрацоўнікам, якія прыбіраюць гэтае смецце. Адпаведна, арэндная плата. Калі будзе праводзіцца зарыбленне – гэта выдаткі на куплю маляўкі рыбы. Будзе ўладкоўвацца зона адпачынку, альтанкі, катамараны», – кажа «Белсату» па тэлефоне прадстаўнік кампаніі.

Галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Гарадоцкага райвыканкаму Таццяна Шчарбакова нам у сваю чаргу паведаміла, што перадаванне беларускіх азёраў у арэнду – звычайная практыка на тэрыторыі ўсёй краіны. Яна рэгламентуецца сярод іншага ўказам кіраўніка Беларусі № 580.

«Прэтэндэнт звяртаецца ў аблвыканкам з пэўным пакетам дакументаў. Аблвыканкам даручае райвыканкаму правесці гандляванні ў выглядзе конкурсу ці аўкцыёну. Даецца абвестка ў газету, на сайтах выканкамаў. Падаюцца дакументы. Калі конкурс, выбіраецца з прапановаў, якія пададзеныя. Аўкцыёнаў у нас яшчэ не было, толькі конкурс», – распавядае Таццяна Шчарбакова.

Летась рэзананснай зрабілася гісторыя са здаваннем у арэнду 91-га кіламетра ракі Прыпяць. Тады грамадскасць здолела адстаяць сваё права на бясплатнае карыстанне прыроднымі багаццямі. З возерам Лосвіда ўсё іначай. Вяскоўцы не збіраюцца плаціць арандатару за карыстанне возерам. Але і пратэставаць таксама.

Арцём Лява; фота – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum