Ліставанне замест дэманстрацыяў


Каля паўсотні ўдзельнікаў сабраў круглы стол у Рэчыцы, які арганізавала кампанія «Гавары праўду». Актывісты, беспрацоўныя і тыя, хто баіцца страціць працу, абмяркоўвалі адну з магчымых стратэгіяў змагання за адмену Дэкрэту аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства.

Кіраўніцтва «Гавары праўду» выступіла супраць масавых акцыяў. На іх думку аб’яднання, супраціў мае выказаць індывідуальна кожны незадаволены.

«Мы прапаноўваем ліставацца і з мясцовай уладай, і з мясцовымі саветамі, і з падатковымі ўсіх узроўняў, і мы падрыхтавалі ўзор ліста да прэзідэнта, каб ён адчуў, што ёсць канкрэтны рэальны чалавек, які супраць, і такіх шмат», – кажа Таццяна Караткевіч.

Прынамсі, пад калектыўнымі лістамі ў Адміністрацыю прэзідэнта за адмену дэкрэту беларусы падпісваюцца ахвотна. Толькі ў Рэчыцы пяцёра валанцёраў ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці, кампаніі «Гавары праўду» цягам некалькіх гадзінаў сабралі тысячу подпісаў.

Але адна справа – паставіць подпіс пад агульным зваротам, іншая – распачаць індывідуальнае ліставанне з дзяржаўнымі ўстановамі, за што агітуе «Гавары праўду». І зусім не тое – выйсці на вулічную акцыю пратэсту.

Запыты на акцыі супраць спрэчнага падатку падалі ў Берасці, Горадні, Магілёве, Бабруйску, Гомлі ды Менску. Найбліжэйшы ж пратэст – марш раззлаваных беларусаў – мае адбыцца ўжо ў гэтую пятніцу.

Тыя ж, хто раней пачаў ліставанне з уладамі, перайшлі ўжо да наступнага этапу – судовага. У аўторак у Гомлі пачнецца першы працэс «дармаеда» супраць дзяржавы. Беспрацоўны з 2013 года 53-гадовы Аляксандр Сямёнаў мае намер давесці, што праца застаецца правам, а не абавязкам.

Аб’ектыў выданне ад 12.02.2017 .

ІД, «Белсат»