Пра што амерыканскі сенатар МакКейн гаварыў з беларускімі апазіцыянерамі


Адзін з найбольш уплывовых амерыканскіх палітыкаў – сенатар Джон МакКейн – у кампаніі двух калегаў працягвае свой візіт у краіны Балтыі ды праводзіць сустрэчы на самым высокім узроўні.

«Тры высокапастаўленыя і ўплывовыя амерыканскія сенатары прыехалі ў наш рэгіён, заўважце, падчас святаў. Яны наведалі балтыйскія краіны, а пазней паедуць ва Украіну, Грузію ды Чарнагорыю. Гэта кажа аб тым, што гэты рэгіён мае важнае значэнне і што на яго звяртаюць увагу ў вышэйшых эшалонах улады ў ЗША», – кажа Лінас Каяла з Цэнтру даследаванняў Усходняй Еўропы (Вільня).

Рыга, Вільня і Талін, як між іншага і Кіеў, занепакоеныя прыходам у Белы Дом адміністрацыі новаабранага прэзідэнта Доналда Трампа. Шэраг заяваў мільярдэра, яшчэ ў статусе кандыдата, сведчаць пра тое, што ён хоча значнага скарачэння фінансавага ўдзелу ЗША ў Паўночнаатлантычным альянсе.

МакКейн, як старшыня сенацкага камітэту ў справе ўзброеных сілаў, запэўнівае партнёраў, што пры новым прэзідэнце яны не застануцца сам-насам з расейскай агрэсіяй.

«Вельмі важна для ўсіх нас працягваць вайсковую прысутнасць ЗША тут, у Літве. Трэба запэўніць гэтай прысутнасці пастаянны характар. І мы ганарымся супрацай паміж нашымі вайсковымі ведамствамі», – заявіў Джон МакКейн.

Гучала падчас літоўскае сустрэчы і тэма Беларусі. Журналістка «Белсату» у Вільні Ганна Русінава двойчы задавала сенатару пытанні на тэму нашае краіны. Між іншага пра перспектывы ацяплення адносінаў паміж Менскам ды Бруселем. Вось што адказаў спадар МакКейн:

«Мы чуем, што паміж Пуціным і Лукашэнкам разлад, што яны не любяць адзін аднаго, і не супрацоўнічаюць у тым памеры, як гэта было раней. Я канешне, тут не самы кампетэнтны, але думаю, што беларусы заслугоўваюць на нешта значна большае, чым тое, што маюць сёння».

Глядзіце таксама >>> Эксперты распавялі якімі будуць стасункі Беларусі і ЗША пры Трампе

Наўрад ці пасля такіх словаў амерыканскі палітык меў бы цёплы візіт у нашай сталіцы. Ужо шмат гадоў МакКейн паслядоўна і жорстка выказваецца пра існы палітычны рэжым у Беларусі, незалежна ад канʼюктуры. Таму ў межах літоўскага візіту сенатара, адбылася сустрэча і з прадстаўнікамі беларускае апазіцыі. Яны засяродзілі ўвагу МакКейна на скарачэнні фінансавання для «Белсату», для іншых незалежных беларускіх медыяў і для грамадзянскай супольнасці ў цэлым.

«Сенатар МакКейн гэта ключавая фігура ў камандзе рэспубліканцаў, якая можа ўзняць гэтыя пытанні на належны ўзровень», – мяркуе старшыня Руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч.

Тое, што МакКейн ёсць непрымірымым змагаром за дэмакратычныя змены ў нашым рэгіёне можа сведчыць рэакцыя на новыя санкцыі прэзідэнта Оўбамы супраць расейскіх дыпламатаў і сілавых ведамстваў. Палітык назваў іх недастатковымі, ды паабяцаў іх узмацнення падчас працы новага Кангрэсу.

Ігар Кулей, belsat.eu