40 000 подпісаў і пратэсты: берасцейскім начальнікам напляваць


Ужо дзясяты раз сотні жыхароў гораду над Бугам выходзяць на пратэст супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.

«Гэта тое маленькае, што я магу зрабіць для гэтага гораду, для жыхароў, бо я не цалкам задаволены з таго, што адбываецца», – кажа мясцовы жыхар.

«Улады нас не чуюць: і столькі народу выходзіць, і 40 тысяч подпісаў сабрана, а ад прэзідэнта нават рэакцыі ніякай няма», – дадае ўдзельнік пратэсту.

Затое рэакцыя ўладаў імгненная ў іншых сітуацыях. Гэтак, малюнак вулічнага мастака «Апафеоз пратэсту», што з’явіўся на сцяне выселенага дому на мінулым тыдні, амаль адразу ж зафарбавалі.

Разам з гэтым неабыякавыя берасцейцы працягваюць збор подпісаў Лукашэнку. Але ўжо не толькі супраць будаўніцтва заводу, але і за адхіленне ад улады чыноўнікаў: кіраўніка вобласці Анатолія Ліса, раёну – Уладзіміра Сенчука ды гораду – Аляксандра Рагачука.

«Калі б яны маглі, то за грошы б маці родную прадалі. Я так лічу, бо калі яны думаюць пра сваіх дзяцей і ўнукаў, то павінныя былі б спыніць гэты працэс», – кажа берасцеец.

Змаганне за права жыць і дыхаць свежым паветрам вядзецца чацвёрты месяц. Не дапамаглі спыніць будаўніцтва патэнцыйна шкоднага акумулятарнага заводу са свінцовымі выкідамі ані 37 тысяч подпісаў абураных берасцейцаў у адміністрацыю Лукашэнкі, ані шматразовыя сустрэчы з уладамі, ані нават суды. Адказ уладаў заўжды адзіны: уздзеянне прадпрыемства на навакольнае асяроддзе будзе нязначным. А адзін з галоўных аргументаў чыноўнікаў – 180 працоўных месцаў ды чатыры з паловаю мільёны долараў гадавых паступленняў у бюджэт. Будаўніцтва заводу працягваецца.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»